Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як санкцыі паўплывалі на расейскіх алігархаў? Адказвае Мінфін ЗША


Міністэрства фінансаў ЗША паведаміла, як, на яго думку, амэрыканскія санкцыі паўплывалі на расейскіх алігархаў. Даклад з высновамі ведамства апублікаваны на яго сайце. Пра яго зьмест распавяла Бі-Бі-Сі.

У адкрытай частцы дакумэнту апісана, якіх вынікаў дасягнулі ЗША дзякуючы санкцыям у цэлым, улучаючы страты расейскіх алігархаў і эканомікі. Сваю праграму санкцый Мінфін ЗША называе адной з самых «актыўных і ўплывовых».

Даклад апублікаваны ў рамках закону аб санкцыях, які прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў у жніўні 2017 году.

Згодна з дакладам, усяго ад 2017 году адміністрацыя ЗША наклала санкцыі на 215 арганізацый і фізычных асоб, зьвязаных з Расеяй. У выніку былі заблякаваныя расейскія актывы на 100 мільёнаў даляраў.

Гэтыя дадзеныя ўтрымліваюцца ў адкрытай частцы дакладу. Ёсьць і засакрэчаная частка, у ёй прыводзіцца дасьледаваньне «расейскіх палітыкаў і алігархаў, ацэньваецца іх блізкасьць да рэжыму», а таксама іх карупцыйная дзейнасьць, гаворыцца ў паведамленьні Мінфіну ЗША.

Самыя балючыя санкцыі ЗША ўвялі 6 красавіка сёлета — супраць шэрагу расейскіх бізнэсоўцаў і зьвязаных зь імі кампаній. У іх ліку апынуліся Віктар Вексельберг (дзявятае месца ў расейскім сьпісе Forbes) і Алег Дзерыпаска (19-е месца ў расейскім сьпісе Forbes).

Віктар Вексельберг
Віктар Вексельберг

Алег Дзерыпаска быў уключаны ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс разам з кампаніяй En + Group, аграхолдынгам «Кубань», кампаніяй «Базовый элемент», афшорнай структурай B-Finance, празь якую Дзерыпаска валодае часткай акцый шэрагу кампаній.

Разам зь Вексельбергам пад санкцыі трапіла кампанія «Ренова».

Паводле ацэнак амэрыканскага Мінфіну, капітал Вексельберга ў выніку санкцый скараціўся на 3 мільярды даляраў — з 16,4 мільярдаў да 13,5 мільярдаў даляраў (на 26 ліпеня). Акрамя таго, Мінфін даў справаздачу, што кампанія Вексельберга «Рэнова» была вымушаная прадаць свае долі ў кампаніях ў Швэйцарыі і Італіі, а таксама абмежаваць супрацоўніцтва з амэрыканскай інвэстыцыйнай кампаніяй Columbus Nova.

Акрамя таго, Мінфін ЗША паведаміў, што ў кіпрскіх банках былі замарожаныя рахункі Вексельберга і Дзерыпаскі. У Дзерыпаскі ёсьць кіпрскае грамадзянства, а Вексельберг праз структуры «Рэновы» валодае амаль 10% банка Bank of Cyprus, нагадвае РБК.

«У Вексельберга не было і няма рахункаў на Кіпры. Што да афіляваных з «Рэновай» структур, то ў іх калі і былі грашовыя сродкі на рахунках у кіпрскіх банках — то вельмі нязначныя», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Вексельберга Андрэй Шторх.

Уладзімір Пуцін і Алег Дэрыпаска
Уладзімір Пуцін і Алег Дэрыпаска

Дзерыпаска страціў палову свайго капіталу, гаворыцца ў дакладзе Мінфіну. Расейскі Forbes 19 красавіка ацэньваў яго стан на 6,7 мільярдаў даляраў. 21 жніўня, паводле дадзеных Forbes, які лічыць капіталы найбагацейшых людзей плянэты ў рэжыме рэальнага часу, капітал Дзерыпаскі складае 3,3 мільярды даляраў.

Акрамя таго, згадвае Мінфін ЗША, санкцыі былі ўведзеныя таксама супраць члена рады дырэктараў і акцыянэра кампаніі «Сибур» Кірыла Шамалава, якога амэрыканскія ўлады называюць «былым зяцем Пуціна».

На думку Мінфіну ЗША, з прычыны санкцыяў з боку Захаду ў Расеі рэзка скараціліся інвэстыцыі, у тым ліку ў вытворчасьць нафты і газу. З 2013 году агульны абʼём прамых замежных інвэстыцый у Расею зьнізіўся на 5%, а інвэстыцыі з боку ЗША ўпалі на 80%, гаворыцца ў справаздачы.

У справаздачы Мінфіну ЗША распавядаецца, як яго спэцыялісты спрабуюць наладзіць узаемадзеяньне зь іншымі краінамі з мэтай спыніць незаконныя фінансавыя патокі з Расеі. Напрыклад, спэцыялісты амэрыканскага Мінфіну ўзаемадзейнічаюць з кіраўніцтвам і чыноўнікамі іншых краін, найперш краінаў ЭЗ, якія таксама ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі.

Акрамя таго, Мінфін ЗША праводзіць круглыя сталы з банкамі ў краінах, якія, як сказана ў матэрыялах ведамства, могуць «зь вялікай верагоднасьцю займацца адмываньнем грошай». У якасьці прыкладу называюцца Кіпр і Латвія.

Адміністрацыя ЗША спрабуе і далей пераканаць краіны Эўропы разьвіваць мэханізмы, неабходныя для збору, аналізу і апрацоўкі інфармацыі аб незаконнай фінансавай актыўнасьці Расеі, гаворыцца ў дакладзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG