У Санкт-Пецярбургу сьледзтва папрасіла суд накіраваць на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне Эдуарда Нікіціна, які абвінавачваецца ў экстрэмізьме за публікацыі ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте.
У адной зь іх утрымліваўся анэкдот пра недавер да выбараў, у другой — карыкатура пра «халодных ватнікаў».
На падставе гэтых матэрыялаў, апублікаваных тры гады таму, у сьнежні 2017 году супраць Нікіціна пачалі крымінальную справу па абвінавачваньні ў «распальваньні варожасьці». Пра гэта Інтэрфаксу распавёў адвакат абвінавачанага Максім Камакін. Паводле яго слоў, намер адправіць яго падабароннага ў лякарню паўстала пасьля таго, як яму правялі псыхіятрычную экспэртызу.
Аўтарамі экспэртнага заключэньня, якое выявіла «распальваньне» у пастах Нікіціна, была Рэзэда Салахутдзінава з вышэйшай адукацыяй па спэцыяльнасьці «навуковы камунізм», а таксама крыміналісты Алена Кірухіна і Тацьцяна Мамаева. Бок абароны запатрабавала выключыць іх высновы як недапушчальныя доказы, заснаваныя на домыслах.
У жніўні ўладальнік ВКонтакте, Mail.ru Group, заклікала вызваліць асуджаных за репосты і лайкі ў сацсетках. Назваўшы рэакцыю ўладаў нематывавана жорсткай, Mail.ru Group папрасіла Вярхоўны суд Расеі не дапусьціць паўтарэньня падобных выпадкаў, а міністэрства юстыцыі — перапрацаваць мэтодыку экспэртызаў па такіх справах.
Тады ж адміністрацыя ВК паабяцала даць карыстальнікам магчымасьць пакідаць профіль адкрытым толькі для сяброў. Апазыцыйныя палітыкі і актывісты, у сваю чаргу, абвінавачваюць ВКонтакте ў перадачы паліцыі і сьледчым органам — нават без рашэньня суду — дадзеных карыстальнікаў.