«Справа БелТА». Ці сапраўды ва ўсім вінаваты опэр?

У беларускай афіцыйнай палітыцы часта інстынкты выціскаюць палітычную мэтазгоднасьць.

Першыя жарсьці з нагоды пагрому незалежных мэдыя ўлегліся, журналістаў выпускаюць з-за кратаў. На месца эмацыйнай рэакцыі пачалі прыходзіць спробы асэнсаваць сытуацыю, адказаць на пытаньне: што гэта ўсё значыць, якія прычыны і далёкасяжныя мэты стаяць за «справай БелТА»?

Тлумачэньне некаторых аўтарытэтных людзей зводзіцца да банальнай высновы, якую можна сфармуляваць так: эксцэс выканаўцы. Вось вядомы ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня даводзіць, што ва ўсім вінаваты опэр адной з «трохлітарных структур». Падобную думку выказвае палітычны аглядальнік парталу Tut.by Арцём Шрайбман.

«Я думаю, што ў ціску на журналістаў гэтым разам цалкам унутраная, апаратная лёгіка, без асаблівых зьнешніх прымешак», — піша ён. То бок, опэры нахамуталі.

Я дазволю сабе не пагадзіцца з такімі высновамі.

Ужо на другі дзень пасьля пачатку ператрусаў і затрыманьняў заснавальнік Tut.by Юрый Зісер заявіў пра «палітычны падтэкст справы».

Сапраўды, калі дапусьціць, што сілавікі самастойна пачалі гэтую аблаву, перабралі — і здарыўся вялікі грамадзкі рэзананс, справа набыла палітычны характар, то ўсё гэта выявілася вельмі хутка.

Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН, выходзіць зь Сьледчага камітэту

Пра падзеі ў Беларусі пачалі гаварыць сусьветныя мэдыі, занепакоенасьць выказалі Рада Эўропы, Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыцы бясьпекі Феэдэрыка Магерыні і інш. То бок скандал выйшаў на міжнародны ўзровень. Сілавікі ў Беларусі палітыкай не займаюцца, тут, як вядома, толькі адзін палітык. І ён мог хутка «спусьціць на тармазах» гэтую справу, без асаблівых тлумачэньняў. Як гэта зрабілі са «справай „Белага легіёну“». Аднак гэтага не адбылося.

Да таго ж у Беларусі і ў эканоміцы, і ў справе крымінальнага перасьледу ўсё адбываецца ў рэжыме ручнога кіраваньня. Прычым якраз у гэтай апошняй сфэры — найбольш. Бо пытаньне пакараньня ці памілаваньня і ёсьць тая сфэра, дзе найбольш выяўляецца такая псыхалягічная зьява, як асалода аднаасобнай улады. Тут бяз санкцыі кіраўніка дзяржавы ніхто не зачэпіць нават намесьніка старшыні райвыканкаму. А цяпер на парадку дня пагром найбуйнейшых інфармацыйных рэсурсаў краіны.

Я згодны з Анджэем Пачобутам у тым сэнсе, што ён параўноўвае цяперашнюю сытуацыю з падзеямі 19 сьнежня 2010 году. Тады таксама пасьля пагрому вечарам таго дня, калі выявіліся ўсе нэгатыўныя міжнародныя наступствы, назаўтра раніцай можна было адкруціць назад, арыштаваных вызваліць і абмежавацца адміністрацыйнай справай за разьбітыя дзьверы Дома ўраду. Але брутальны пагром апазыцыі быў даведзены да лягічнага канца, у ахвяру быў прынесены дыялёг з Захадам.

Бо і тады, і цяпер Аляксандар Лукашэнка вырашыў, што зьявілася зручная падстава адпомсьціць сваім палітычным праціўнікам за ўсе папярэднія крыўды. Зручная ў тым сэнсе, што, як ён палічыў, гэтыя самыя праціўнікі самі падставіліся. Тады разьбілі тыя злапомныя дзьверы, цяпер, як даводзіць Сьледчы камітэт, кралі кантэнт у БелТА.

Менск, 19 сьнежня 2010

У 2010 годзе разьлік часткова спраўдзіўся. Хоць адносіны з Захадам моцна сапсаваліся, але грамадзтва запужалі, апазыцыю разграмілі.

Журналісты, якія зьвярталіся да мяне гэтымі днямі па камэнтары адносна «справы БелТА», пыталіся: няўжо ён не разумее, што змагацца з мэдыя, з журналістамі ў эпоху інтэрнэту — неразумна, нерацыянальна?

Але праблема ў тым, што ў Беларусі палітычную мэтазгоднасьць часта падмяняе інстынкт. Тут многія рэчы адбываюцца інстынктыўна, на ўзроўні рэфлексу. І гэта часта ўводзіць у зман вонкавых назіральнікаў.

Так, змагацца з СМІ ў інфармацыйную эпоху нерацыянальна. Але ж гэтыя журналюгі ўжо «дасталі», пішуць розную муру пра здароўе прэзыдэнта, пра ягонага сына. А тут зьявілася зручная падстава: кралі інфармацыю БелТА. Ага, папаўся, каторы кусаўся. І ўлады робяць крок у адказ адзіным спосабам, якім валодаюць. Тым больш што ранейшая практыка сьведчыць: беларусаў можна запалохаць.

Гэта калі палітыка грунтуецца на рацыянальнай глебе, то ўсе элемэнты ўлады дзейнічаюць сынхронна. А калі дамінуюць палітычныя інстынкты, то ўвесь час ствараецца ўражаньне, што ў дзяржаве правая рука (сілавікі) ня ведае, што робіць левая (МЗС). Ці, як піша Арцём Шрайбман, «наша дзяржава ня можа паставіць сваім левай і правай руцэ адну і тую ж задачу».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Фядута: Беларуская ўлада вельмі гістэрычная

Прадстаўляліся суседзямі, адключалі тэлефоны. Як сьледчыя затрымлівалі журналістаў Tut.by