Чацьвёра ўдзельнікаў палітычна-мастацкай расейскай суполкі Pussy Riot былі затрыманыя на выхадзе з спэцпрыёмніка, дзе яны скончылі адбываць арышт за ўдзел у акцыі падчас чэмпіянату сьвету ў футболе. Пра гэта паведаміў адзін з затрыманых Пётар Вярзілаў.
«Нікульшын, Пахтусава і Курачова таксама затрыманыя пры вызваленьні зь іншага спэцпрыёмніка», — напісаў Вярзілаў у твітэры.
«Вязуць па Маскве ў аўтобусе зь мігалкамі зь велізарнай хуткасьцю, у суправаджэньні яшчэ дзьвюх машын, якія разганяюць рух», — дадаў ён.
У часе фінальнай гульні чэмпіянату сьвету па футболе на поле выбеглі актывісты Pussy Riot у паліцэйскай уніформе. Гэта была акцыя пратэсту супраць парушэньня правоў чалавека ў Расеі. Пратэстоўцаў затрымалі, у часе допыту паліцыянт выказаў шкадаваньне, што «цяпер не 1937 год».
Актывісты атрымалі па 15 сутак арышту. Суд прызнаў іх вінаватымі паводле адміністрацыйнага артыкулу аб парушэньні правілаў паводзін на спартовых мерапрыемствах.