У Маскве арыштаваны супрацоўнік «Роскосмоса» ў справе аб дзяржаўнай здрадзе

У прэс-службе «Роскосмоса» пацьвердзілі арышт супрацоўніка ЦНДІмаш 74-гадовага Віктара Кудраўцава.

«Зь ім цяпер праводзяцца сьледчыя дзеяньні», — паведаміў агенцтву ТАСС кіраўнік прэс-службы «Роскосмоса» Уладзімір Усьціменка. Іншых падрабязнасьцяў ён не прывёў.

Раней паведамлялася, што ў маскоўскі сьледчы ізалятар «Ляфортава» дастаўлены Ўладзімір Кудраўцаў, супрацоўнік Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту машынабудаваньня (ЦНДІмаш). 20 ліпеня ў гэтым інстытуце супрацоўнікі ФСБ правялі ператрусы ў справе, зьвязанай з магчымай уцечкай за мяжу інфармацыі аб расейскай гіпэргукавой зброі. Яшчэ 10 чалавек, паводле дадзеных «Коммерсанта», правяраюцца на прадмет супрацоўніцтва з заходнімі спэцслужбамі.

Кудраўцаў уваходзіў у лік тых, хто падпісаў адкрыты ліст Уладзіміру Пуціну ў падтрымку раней абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе супрацоўніка ЦНДІмаш Уладзіміра Лапыгіна, паведамляе Мэдыязона. Лапыгін — ляўрэат прэміі ўраду Расеі, кандыдат тэхнічных навук і намесьнік начальніка аднаго з цэнтраў ЦНДІмаш.

Пасьля ператрусаў у Каралёве і ў маскоўскім офісе Аб’яднанай ракетна-касьмічнай карпарацыі (АРКК) стала вядома, што адзін з кіраўнікоў гэтай карпарацыі Дзьмітрый Пайсан пакінуў сваю пасаду. Ён, паводле прэс-службы «Роскосмоса», праходзіць у справе як сьведка. Напярэдадні ў ягоным офісе ў Маскве прайшлі ператрусы ў рамках крымінальнай справы аб дзяржаўнай здрадзе, але сам Пайсан пакуль не арыштаваны, хоць і напісаў заяву аб звальненьні ад пачатку жніўня.