Агрэсіўныя дзеяньні Расеі падрываюць бясьпеку ў эўраатлянтычным рэгіёне і ўяўляюць сабой «выклік» саюзу NATO. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай дэклярацыі лідэраў 29 краін Паўночнаатлянтычнага альянсу, прынятай на саміце NATO ў Брусэлі 11 ліпеня.
- «Мы рашуча асуджаем расейскую незаконную анэксію Крыму, якую мы ніколі не прызнаем», — сказана ў дэклярацыі.
Саюзьнікі па NATO таксама адзначылі, што сытуацыя ў рэгіёне становіцца менш прадказальнай і стабільнай у выніку расейскай анэксіі Крыму і дзеяньняў па дэстабілізацыі Ўсходу Ўкраіны, а таксама разьмяшчэньня расейскіх войскаў ля межаў краінаў альянсу.
У NATO таксама заклікалі Расею вывесьці войскі c тэрыторыі Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, спыніць падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе і ў поўным аб’ёме выканаць Менскія пагадненьня.
- У дакумэнце таксама сказана, што ў NATO згодныя з высновамі Брытаніі, што за атручваньнямі ў Солсбэры, па ўсёй верагоднасьці, стаіць Расея.
Пры гэтым саюзьнікі адзначылі, што гатовыя да дыялёгу з Масквой і паляпшэньню адносін, калі Расея зьменіць паводзіны.
- Прадстаўнікі NATO накіравалі афіцыйнае запрашэньне Македоніі пачаць перамовы аб уступленьні ў альянс.
Аднак, як падкрэсьліў генэральны сакратар Енс Столтэнбэрг, Македонія зможа стаць членам саюза толькі выпадку, калі яна афіцыйна ўхваліць зьмену назвы на «Паўночную Македонію» — паводле дамоўленасьці з Грэцыяй.
У дэклярацыі таксама гаворыцца аб імкненьні ўсіх краін NATO павысіць выдаткі на абарону.
- «Мы імкнёмся да паляпшэньня балянсу выдаткаў і абавязкаў чальцоў альянсу».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова абвінавачваў саюзьнікаў у недастатковых выдатках на абарону.