Reuters назвала галоўныя тэмы саміту Трампа і Пуціна

Хэльсынкі. Будучы прэс-цэнтар саміту

Аналітыкі агенцтва Reuters лічаць, што прэзыдэнты ЗША і Расеі падчас сустрэчы ў Хэльсынкі 16 ліпеня абмяркуюць шэсьць галоўных тэмаў.

Непрадказальнасьць Дональда Трампа і «непранікальнасьць» Уладзіміра Пуціна абцяжарваюць якія-небудзь прагнозы аб саміце, агаворваецца агенцтва. Аднак, па ўсёй бачнасьці, абмяркоўвацца будуць пытаньні, якія альбо вельмі важныя для аднаго з бакоў, альбо па якіх магчымае дасягненьне кампрамісу.

Сярод іх, на думку Reuters:

  • Гонка ўзбраеньняў. Агенцтва не выключае, што абодва прэзыдэнты заявяць аб непрымальнасьці мілітарысцкай рыторыкі. Магчымая і дамоўленасьць аб працы над падаўжэньнем тэрміну дзеяньня дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеньнях, які мінае ў 2021 годзе.
  • Санкцыі. Пуцін, як піша Reuters, хацеў бы дамагчыся ад Трампа іх зьмякчэньня, аднак гэта ня так проста, паколькі большасьць санкцый супраць Масквы былі кадыфікаваныя Кангрэсам. Тым ня менш прэзыдэнт ЗША можа аслабіць нейкія зь іх у рамках сваіх паўнамоцтваў.
  • Сырыя. ЗША на просьбу Ізраілю будуць дамагацца ад Пуціна скарачэньня іранскай вайсковай прысутнасьці ў Сырыі. На думку Reuters, Расея наўрад ці пагодзіцца з гэтымі патрабаваньнямі, не жадаючы псаваць адносіны з Тэгеранам, а таксама замяшчаць іранскіх вайскоўцаў у Сырыі сваімі.
  • Дыпляматычны канфлікт. Ёсьць шанцы, што прэзыдэнты дамовяцца аднавіць штатную колькасьць дыпляматычных місій, скарочаную пасьля дзьвюх хваляў высылкі дыпляматаў з ЗША і Расеі.
  • Усходняя Эўропа. У NATO асьцерагаюцца, што Трамп адмовіцца ад плянаў далейшага ўмацаваньня Паўночнаатлянтычнага саюзу і правядзеньня вучэньняў у гэтым рэгіёне ў якасьці «жэсту добрай волі» для Пуціна.
  • Украіна. Саміт у Хэльсынкі стане трыюмфам для Пуціна, калі па яго выніках ЗША адмовяцца ад паставак ўзбраеньня і іншай ваеннай дапамогі Ўкраіне, пішуць Reuters. З другога боку, ня выключана, што Пуцін можа пайсьці на саступкі адносна разьмяшчэньня міжнародных міратворцаў у Данбасе. Якія-небудзь саступкі ў пытаньні Крыму з расейскага боку, на думку агенцтва, выключаныя. Трамп раней заявіў: «паглядзім» на пытаньне аб тым, ці гатовы ён прызнаць у ходзе саміту анэксаваны Крым расійскім, аднак шматлікія прадстаўнікі адміністрацыі ЗША заявілі, што такое пытаньне на парадку дня не стаіць.

Газэта «Коммерсант» раней пісала, што Расея перадала ЗША праект супольнай заявы, якую маюць зрабіць Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп па выніках сустрэчы ў Хэльсынкі 16 ліпеня. У 2-старонкавым дакумэнце гаворыцца пра важнасьць падтрыманьня дыялёгу паміж першымі асобамі, дыпляматамі, вайскоўцамі і спэцслужбамі дзьвюх краін, разьвіцьці эканамічных сувязяў і гуманітарных кантактаў.

Крыніцы «Коммерсанта» ў Вашынгтоне паведамілі, што амэрыканскі бок гатовы ўзяць гэты дакумэнт за аснову, але настойвае, каб па выніках саміту ў той або іншай форме была адлюстраваная заклапочанасьць Белага дому з нагоды «ўмяшаньня Расеі ў выбары 2016 году» і былі дадзеныя гарантыі, што «надалей такога не паўторыцца».