Міністар фінансаў гатовы знайсьці грошы на законы па-беларуску. Калі так вырашыць парлямэнт

Міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын (архіўнае фота)

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім працягвае дамагацца, каб законы ў Беларусі прымаліся на абедзьвюх дзяржаўных мовах — па-беларуску і па-расейску.

27-га чэрвеня падчас абмеркаваньня выкананьня бюджэту за 2017 год дэпутатка Алена Анісім зьвярнулася да міністра фінансаў Беларусі Уладзімера Амарына з прапановай закласьці ў бюджэт на 2019 год грошы на дзьвюхмоўе — каб рыхтаваць законапраекты адразу на абедзьвюх дзяржаўных мовах.

Міністар на пытаньне Анісім адказаў так:

«Калі дэпутаты вырашаць, што гэта неабходна, то будзем шукаць патрэбныя грошы».

Яшчэ перад адказам міністра старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка пракамэнтаваў пытаньне: «Каня можна прыцягнуць да вадаёму, але піць яго не прымусіш».

Алена Анісім падрыхтавала зьмены ў рэглямэнт Палаты прадстаўнікоў, каб прымаць законы на дзьвюх мовах

Дэпутатка Алена Анісім

Ніхто з дэпутатаў больш ня выказаўся на гэтую тэму. Алена Анісім мае намер унесьці гэтае пытаньне ў парадак дня пры разглядзе бюджэту Беларусі на 2019 год. Паводле Анісім, грошы патрэбны не такія ўжо і вялікія.

Цяпер законы ў Беларусі прымаюцца пераважна на расейскай мове.

Прапановы дэпутаткі Анісім аб беларусізацыі заканадаўства заблякавалі яе ж калегі