Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што нелегальных мігрантаў неабходна дэпартаваць з краіны без судовых разглядаў. Пра гэта ён напісаў у нядзелю ў «Твітэры».
«Мы ня можам дазволіць усім гэтым людзям уварвацца ў нашу краіну. Калі нехта прыяжджае, мы павінны неадкладна, бяз судзьдзяў і судовых спраў, вярнуць іх туды, адкуль яны прыйшлі», — напісаў Трамп.
We cannot allow all of these people to invade our Country. When somebody comes in, we must immediately, with no Judges or Court Cases, bring them back from where they came. Our system is a mockery to good immigration policy and Law and Order. Most children come without parents...
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) 24 июня 2018 г.
Прэзыдэнт Трамп чарговы раз выказаўся за так званую «бальную» сыстэму іміграцыі, якая базуецца на кваліфікацыі патэнцыйных мігрантаў.
«Наша цяперашняя сыстэма ёсьць пародыя на слушную іміграцыйную палітыку і прынцыпы правапарадку», — падкрэсьліў ён.
Адміністрацыя адмяніла сваё ўласнае распараджэньне аб «нулявой талерантнасьці» ў дачыненьні незаконных мігрантаў, якое прадугледжвала абавязковае іх прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці і сэпарацыю дарослых нелегалаў зь іхнымі дзецьмі. Паводле Міністэрства ўнутранай бясьпекі, па стане на 20 чэрвеня на яго апецы заставалася звыш дзьвюх тысяч такіх дзяцей; 522 дзіцяці вернутыя бацькам.
Новы прэзыдэнцкі ўказ дазваляе ўтрымліваць дзяцей і дарослых у адным спэцпрыёмніку. Аднак у дакумэнце не прапісаны ні тэрміны ўзьяднаньня сем’яў, ні таго, ці змогуць яны ўзьяднацца ўжо на стадыі разгляду іх спраў, або толькі перад дэпартацыяй.
Дзесяць чальцоў Палаты прадстаўнікоў, адзін сэнатар і амэрыканскія славутасьці абвясьцілі галадоўку, патрабуючы адмовы Вашынгтону ад палітыкі «нулявой талерантнасьці».