Трамп заклікаў стварыць касьмічныя войскі ЗША

Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп на паседжаньні Нацыянальнай касьмічнай рады заклікаў да амэрыканскага лідэрства ў космасе — маўляў, гэта праблема нацыянальнай бясьпекі.

Дональд Трамп заклікаў стварыць шосты від узброеных сілаў краіны — касьмічныя войскі — і даручыў Пэнтагону распрацаваць плян рэалізацыі гэтай ідэі. Стварэньне новага віду войскаў — кампэтэнцыя Кангрэсу, а заканадаўцы яшчэ могуць не падтрымаць прэзыдэнта. Цяпер у ЗША пяць відаў войскаў: сухапутныя, марскія, паветраныя, марская пяхота і берагавая ахова.

Намеры аб стварэньні такіх войскаў ён выказваў яшчэ ў сакавіку, але рашэньне стала шмат для каго нечаканым. Дэбаты аб неабходнасьці стварэньня асобнага камандаваньня, якое адказвае за бясьпеку ў космасе, пачаліся яшчэ падчас адміністрацыі Біла Клінтана ў 1990-х гадах. Некалькі месяцаў таму міністар абароны ЗША Джым Мэтыс выступіў супраць гэтай ідэі ў лісьце да Кангрэсу, матывуючы гэта тым, што стварэньне новага віду войскаў абцяжарыць агульнае кіраваньне ўзброенымі сіламі.

Разам з тым Трамп паставіў задачу стварэньня новых працоўных месцаў у касьмічнай галіне, канстатаваў важнасьць мадэрнізацыі састарэлых рэгуляцыйных нормаў дзеля прыцягненьня бізнэс-супольнасьці ў касьмічную сфэру.

Тым часам Расея мае паветрана-касьмічныя войскі ад 2015 году. Але там стваралі ня новы від войскаў, а аб’ядноўвалі пад адно камандаваньне авіяцыю, супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону, касьмічныя сілы і сродкі ўзброеных сілаў.

У Беларусі няма касьмічных войскаў, а ёсьць усяго два віды войскаў: сухапутныя і аб’яднаныя ў адно ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны (ВПС і ВСА); непасрэдна генэральнаму штабу падпарадкоўваюцца сілы спэцыяльных апэрацыяў.