Чытачка Цімафеева: прэзыдэнта я прымусіла б прачытаць Канстытуцыю

Юля Цімафеева

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэтка Юля Цімафеева.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Самыя розныя і некалькі адначасова. У дадзены момант больш люблю паэзію і эсэістку, але і мастацкую прозу таксама чытаю. Бывае, я бяруся за нешта, а пасьля адкладаю, бо адчуваю, што ўражаньні ад прачытанага мусяць настояцца, або проста хачу расьцягнуць задавальненьне ад кнігі на даўжэйшы час.

Да галоўнай гераіні прыходзіць прывід ейнай мёртвай каханай

Да прыкладу, так было з кнігай эсэістыкі брытанскай пісьменьніцы Алі Сьміт «Artful». Кніга, з аднаго боку, мастацкая. Да галоўнай гераіні прыходзіць прывід ейнай мёртвай каханай, па ўсім відаць, выкладчыцы літаратуры, і пакідае для яе тэксты лекцый, якія пасьля гераіня «чытае». Гэта эсэ «Пра час», «Пра форму», «Пра мяжу», «Пра прапанову і пра развагі». З іншага боку, «Artful» — і не мастацкая кніга таксама, яна нарадзілася з чатырох лекцый, якія Алі Сьміт напраўду чытала перад студэнтамі ў Оксфардзе. Вельмі незвычайная форма як для нон-фікшн. Кнігі, наколькі я ведаю, няма па-расейску, а вось у перакладзе я прачытала раман Алі Сьміт «Гатэль Сьвет».

Яшчэ адно ўражаньне апошняга часу — невялікая аўтабіяграфія швэдзкага паэта Томаса Транстромэра «Успаміны на мяне глядзяць» пра ягоныя дзіцячыя і школьныя гады: ад першага ўспаміну ў трохгадовым узросьце да таго моманту, калі былі надрукаваныя юначыя вершы, своеасаблівы «партрэт мастака ў дзяцінстве». Аказваецца, у маленстве Транстромэр марыў зрабіцца энтамолягам, а пасьля першаадкрывальнікам, а яшчэ быў перакананым антыфашыстам у краіне, якая захоўвала нэўтралітэт. Зь яе:

«Маё жыцьцё». Думаючы гэтыя словы, я бачу перад сабой зарніцу. Прыгледзеўшыся, заўважаю, што яна мае форму камэты. Самы яркі яе край, галава, — гэта дзяцінства і сталеньне. Ядро, яе самая шчыльная частка, — маленства, першы пэрыяд, у які вызначаюцца самыя галоўныя рысы нашага жыцьця. Я спрабую ўспомніць, я спрабую пранікнуць праз гэтую шчыльнасьць. Але рухацца там цяжка, небясьпечна, я адчуваю, быццам набліжаюся да самой сьмерці. Далей, камэта танчэе — гэта доўгая частка, яе хвост. Яна робіцца ўсё больш і больш разрэджанай, але таксама і шырэйшай. Цяпер я далёка ў хвасьце камэты, мне шэсьцьдзесят, калі я гэта пішу».

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

На мінулым тыдні чытала бліскучую эсэістыку Мандэльштама, юнацкую любоў да якога мне не так даўно вярнуў Цэлян, ягоны перакладчык на нямецкую. Летась для нумару часопіса «Прайдзісьвет» «Некаторыя любяць паэзію» я перакладала прамову, зробленую Паўлем Цэланам падчас атрыманьня літаратурнай прэміі гораду Брэмэну. Там мне вельмі спадабаўся вобраз: верш як пасланьне ў бутэльцы. І вось я чытаю эсэ Мандэльштама «Пра суразмоўцу» («О собеседнике», 1922) і разумею, што насамрэч гэта ягоны вобраз: «Пісьмо, гэтак жа як і верш, ні да каго ў прыватнасьці адназначна не адрасаванае. Тым не менш абое маюць адрасата: пісьмо — таго, хто выпадкова заўважыў бутэльку ў пяску, верш — «читателя в потомстве». Я сама цяпер разважаю, каму ж адрасаваныя і мае вершы, і мае паэтычныя пераклады.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Часам можа ўплываць той факт, што я папросту бачу кнігу ў кнігарні. У Беларусі цяжка знайсьці цікавую замежную кнігу ў арыгінале, таму, бываючы за мяжой, мы з мужам заўжды ходзім у кнігарні ці да букіністаў. Напэўна, галоўны крытэр для мяне — я мусіла б чуць пра аўтарку ці аўтара. Хаця калі казаць пра нон-фікшн, то тады, натуральна, вельмі важным крытэрам будзе і тэма.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Ня так даўно я прачытала кнігу францускай дасьледчыцы Крысьцін Бар «Палітычная гісторыя штаноў» пра ўзаемаадносіны францускіх жанчын і гэтай часткі першапачаткова мужчынскага гардэробу. З аднаго боку, гэта гісторыя паўсядзённасьці і адзеньня як яе атрыбуту, але, з другога боку, гісторыя жаночай эмансыпацыі, бо штаны — гэта ў пэўнай ступені знак улады, мець якую жанчынам доўгі час не дазвалялася. Паводле Крысьцін Бар, у Парыжы дагэтуль дзейнічае закон 1800 году, які забараняе жанчынам насіць штаны. І хоць у канцы 20 стагодзьдзя некаторыя францускія дэпутаты рабілі спробы гэты закон адмяніць, фактычна ён дзейнічае дагэтуль, але, натуральна, на практыцы пра яго ніхто не ўзгадвае.

Трыццаць тысяч чалавечых словаў

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Напэўна, для мяне гэта раман польскага празаіка Вітальда Гамбровіча «Фэрдыдурка». Агулам, Гамбровіча я адкрыла для сябе адносна нядаўна, але люблю яго моцна, асабліва яго мастацкую прозу. Я чытала «Фэрдыдурку» ў расейскім перакладзе і ўсё ж не пашкадавала. Абсурд, сарказм, крытычнасьць да (польскага) нацыяналізму і школьнай адукацыі, цудоўная праца са словам — моўныя гульні, паэтычнасьць!.. Проза Гамбровіча цудоўна чытаецца ўголас. Некалькі ягоных вялікіх і малых твораў я так і прачытала.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Давайце пад сучаснымі аўтарамі і аўтаркамі я буду разумець жывых. Я вельмі люблю прозу канадзкай пісьменьніцы Эліс Манро, веданьне ангельскай мовы дае мне магчымасьць насалоджвацца ёю ў арыгінале. Люблю прозу румынскай немкі Герты Мюлер, прачытала ўсе яе творы, перакладзеныя на расейскую, хачу таксама дабрацца да ейнай паэзіі ў арыгінале. Яшчэ адна важная для мяне сучасная аўтарка — Джэнэт Уінтэрсан, я чытала ня ўсё, але асабліва спадабалася кніга яе эсэ, прысьвечаных літаратуры, «Art Objects». Гэта і польская пісьменьніца Вольга Такарчук, чый раман у перакладзе Марыны Шоды на беларускую, мне вельмі спадабаўся. Зьбіраюся і далей яе чытаць, тым больш што выйшаў яшчэ адзін беларускі пераклад.

Натуральна, я чытаю і люблю беларускіх аўтараў ды аўтарак. Але яны пра маю любоў, думаю, і так ведаюць.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху? А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Я вельмі эмацыйны чалавек і жыва рэагую на тое, што чытаю. Сьмяюся і плачу, чытаючы кнігі, я часта, але гэтак жа часта і забываюся, над чым сьмяялася ці плакала. То бок такія эмоцыі для мяне зусім не паказьнік якасьці кнігі.

Магчыма, сюды б я яшчэ дадала пытаньне, якая кніга вас жахнула. Шостая частка «Сабакаў Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, дзе малюецца будучыня, у якой амаль вымерла мастацкая літаратура, і паэзія ў прыватнасьці. Пра гэта думаць страшна.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Напэўна, адной з кніг, якая мяне крыху раззлавала, хаця ў прынцыпе, яна ж і прымусіла крыху заплакаць, была кніга Анкі Ўпалы «На засьнежаны востраў», у якой аўтарка расказвае пра свой досьвед жыцьця ў Швэцыі падчас навучаньня ў Народнай школе. Але раззлавала не сама кніга, а яе гераіня-апавядальніца, нейкая яе наіўнасьць і ў той жа час безапэляцыйнасьць. Але пасьля робіцца ясна, што ў гэтым і адна з «фішак» кнігі. Аўтарка зусім і не зьбіралася адбельваць сваю гераіню, паказваючы яе ў найлепшым выглядзе. Мабыць, такая шчырасьць у раскрыцьці свайго пэрсанажа — адна з найбольшых каштоўнасьцяў гэтай аўтабіяграфічнай кнігі.

Быць сьмелай

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Практычна не бяруся за навуковую фантастыку, фэнтэзі, танныя дэтэктывы і любоўныя раманы. Хаця вось проста цяпер у працэсе чытаньня кнігі эсэістыкі знанай фантасткі Ўрсулы Ле Гуін. Гэта такая разумная, дасьціпная, іранічная, кранальная кніга, у якой сабраныя розныя тэксты: лекцыі, прадмовы да кніг, успаміны і г.д. І я падумваю, ці не адкінуць свой снабізм і ці не пачытаць яе мастацкія рэчы.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Я чытаю і на паперы, і з чыталкі. Часам чытаць з чыталкі мне падабаецца больш — яна лёгкая, яе можна насіць з сабой паўсюль, там шмат кніг. Але ўсё ж паэзію мне цяжка чытаць такім чынам — калі няма паперы, то лепш ужо з манітора кампутара. Часам я чытаю некалькі кніг адначасова, або адкладаю нейкую даўгую кнігу, а пасьля да яе вяртаюся. Так бывае са складанымі філязофскімі кнігамі. Чытаю і вечарам і, бывае, раніцай. Чытала б і днём, але чамусьці сумленьне не дазваляе. (Хаця, калі лічыць працу над перакладам чытаньнем, то і днём таксама).

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Так, калі казаць пра папяровыя кнігі, то ў асноўным ведаю, таму што сама іх парадкавала. Паэзію — да паэзіі, кнігі на замежных мовах — разам, кніжныя сэрыі таксама. На электроннай чыталцы, дзе таксама некалькі сотняў кніг — працуе пошук.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Напэўна, гэта залежыць ад знаёмых. Магчыма, некаторых нават наяўнасьць кніг можа зьдзівіць. Але калі пакорпацца, то вось, прыкладам, чытанка па ангельскай мове для францускіх дзяўчат, выдадзеная ў Парыжы ў 1919 годзе. Называецца «Miss Rod» і апавядае гісторыю маладой швайцаркі, якая, нягледзячы на незадаволенасьць бацькоў, едзе вучыцца на мэдсястру ў Лёндан. Сканчаецца аповед на Ніле, дзе дзяўчына, як і чакалі ад яе ў тыя гады, сустракае сваё каханьне і рыхтуецца выйсьці замуж.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Калі мне было гадоў трынаццаць і я ляжала ў бальніцы, мама чамусьці вырашыла падарыць мне дзьве паэтычныя кнігі: Осіпа Мандэльштама і Сяргея Ясеніна. Думаю, дзякуючым тым кнігам я і пачала адчуваць прыгажосьць паэзіі.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Дзяўчынка Мацільда з аднайменнай кнігі Руала Дала.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Так, пачала чытаць недзе ў чатыры-пяць гадоў. Кніга, што засталася ў памяці назаўсёды, цяпер, на жаль, страчаная. Яна была пра «рассеянного с улицы Бассейной». Памятаю, як чытала яе сваёй малодшай сястры. Калі мне было чатыры, гэта была мая самая любімая кніга. Аднак падчас эвакуацыі з Чарнобыльскай зоны, — а мястэчка, у якім мы жылі з бацькамі, было ў пятнаццацікілямэтровай зоне адсяленьня, — кніга недзе згубілася, хоць я моцна ўпрошвала бацькоў яе ўзяць. Часам мне і цяпер хочацца плакаць, калі думаю пра тую кнігу — адну з найвялікшых стратаў майго маленства.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Канстытуцыя.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

З памерлымі ды часам і з сучаснымі пісьменьнікамі лепш камунікаваць празь іх кнігі.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Нікога.

Што вы перачытваеце?

Вершы любімых паэтаў і паэтак.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Раман «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» Вольгі Такарчук у беларускім перакладзе.

«Косьці, косьці! Хадзіце да нас у госьці!»