Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Косьці, косьці! Хадзіце да нас у госьці!»


Юля Цімафеева

Калі мне было гадоў восем-дзевяць, мы зь сястрой хадзілі гуляць да суседзкіх дзяцей. У іх сям’і звычайных вяскоўцаў дома быў цудоўны двухтомнік «Чарадзейных казак» з сэрыі «Беларуская Народная Творчасьць». Пакуль малодшыя дзеці бегалі і дурэлі, я сядала на высокі ложак, накрыты чорнай ваўнянай у яркія ўзоры саматканай посьцілкай, крыху шурпатай, як для дзіцячай скуры, раскрывала шэрую вокладку тоўстай, без адзінага малюнка, кнігі і зануралася ў сьвет казак не для празьмерна ўразьлівых чытачоў. Казак страшных, жорсткіх, у якіх дабро перамагала далёка не заўжды. Асабліва мне запомнілася адна гісторыя пра дзяўчынку, якой адсеклі рукі — кашмарныя абрубкі надоўга пасяліліся ў дзіцячай сьвядомасьці. Але я сама была вінаватая, ухапіўшыся за казкі, сабраныя дарослымі для дарослых!

У кніжцы казак, якую ўклаў паэт, перакладчык і дасьледчык Антон Францішак Брыль, таксама няма казак, якія варта было б прачытаць цяперашнім дзецям. І ня толькі таму, што ўсе яны пра жыцьцё на вёсцы, не зразумелае маленькім гараджанам. Так, героі там то снапы вяжуць, то быдла пояць... І не таму, што гэта электронная кніга без аніводнай карцінкі, акрамя вокладкі. А таму што гэта страшныя казкі, ад якіх і ў мяне прабягаў халадок па скуры.

Пятнаццаць аповедаў са зборніка «Мертвяцы» былі ўзятыя з чацьвертага тому «Беларускага зборніка: Казкі касмаганічныя і культурныя» (Віцебск, 1891) Еўдакіма Раманава. Усяго беларускі археоляг, гісторык, этнограф і фальклярыст Раманаў выдаў 9 такіх тамоў: зь песьнямі, казкамі, замовамі, апокрыфамі, апісаньнем беларускага быту і «опытом словаря условных языков Белоруссии с параллелями великорусскими, малорусскими и польскими».

Усе героі абраных укладальнікам «страшных казак» вядуць несупынную барацьбу з тымі памерлымі, што не жадаюць спакойна сысьці ў іншы сьвет, а застаюцца ў гэтым і працягваюць помсьціць жывым — з хадзячымі мерцьвякамі. Зь неўтаймоўнымі нячысьцікамі, якія яшчэ некалькі дзён таму былі звычайнымі сялянамі, мясцовымі панамі ці паненкамі, змагаюцца простыя людзі: вось малады шавец закаханы ў паненку, якую, ужо мёртвую, яму пазьней трэба будзе супакоіць на манер студэнта з гогалеўскага «Вія», вось пакаёўка, на якую старая памешчыца, паміраючы, навяла непраўдзівыя падазрэньні, вось пан, што чамусьці вырашае ўзімку заначаваць на могілках...

Асабіста мяне ўразілі казкі пра ўдоваў, да якіх прыходзяць іхныя памерлыя мужы. Яны і на гаспадарцы, падаецца, дапамагаюць, але ў канцы то ў лазьні заб’юць, то скуру на сьценку павесяць... Мёртвыя жонкі-ведзьмы, канечне, таксама не нашмат дабрэйшымі аказваюцца. Найкарацейшая казка «Дзеўкі і косткі» — гэта гісторыя неасьцярожных маладых дзяўчат, што запрасілі косткі, якія на дарозе валяліся, да сябе на «вечарынку». Дзеўкі тыя косткі кармілі ды паілі, але, як можна здагадацца, скончылася ўсё хутка і кепска.

У майго дзеда, які нарадзіўся ў 1914 годзе, было дзьве ці тры клясы адукацыі. Дзедавага бацьку, свайго прадзеда, я ня памятаю, але, па аповедах, ён быў чалавек адукаваны — працаваў пісарам. Ці ўмелі чытаць іншыя мае прадзеды і прабабкі, мне таксама дакладна не вядома. Але як жа цікава ўяўляць, пра што думалі, у што верылі, якім бачылі сьвет людзі таго часу, якія не чыталі кніг! Антон Францішак Брыль захаваў апісаньні інфармантаў, якія падаваў Еўдакім Раманаў. Усе казкі былі запісаныя ўздоўж усходняй мяжы: Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына. Апавядалі свае гісторыі пра мерцьвякоў і жанчыны, і мужчыны. У некаторых выпадках адзначаецца ўзрост інфармантаў: 32-45 гадоў. Некаторыя зь іх былі непісьменныя. Ці верылі яны самі ў гэтыя казкі? Ці расказвалі дзецям і дарослым? Ці прыдумлялі самастойна, ці пераказвалі і дапрыдумвалі казкі чужыя? Ці баяліся гэтых аповедаў?.. Мне падабаецца разважаць над гэтымі пытаньнямі, учытваючыся ў геаграфічныя скароты і імёны накшталт Карпа, Яфіма, Дзям’яна, Аўдоцьці...

І яшчэ адна прычына, па якой гэтыя казкі не дасі чытаць дзецям, гэта правапіс, ці «правапісы», як кажа пра іх укладальнік, захаваныя з выданьня 1891 года:

Тэксты, поўныя «яцяў» і «ераў», з гутарковым сынтаксісам, з процьмай дыялектызмаў гучаць у вушах жывымі галасамі маіх продкаў-сялянаў з пазамінулага стагодзьдзя.

Кнігу можна набыць толькі ў электронным выглядзе практычна ва ўсіх фарматах. Выхад папяровай вэрсіі пакуль не прадугледжаны. Яно і зразумела: беларускія выдавецтвы — у глыбокім крызысе, а мэтавая аўдыторыя такой літаратуры — хутчэй аматары беларускай аўтэнтыкі, чым прыхільнікі масавага чытва. Хоць, канечне, усе гэтыя страшныя аповеды пра хадзячых мерцьвякоў нічым ня горшыя за сучасныя хорары.

І калі дачытваеш кнігу да канца, прыгнечаная гэткім разгулам мерцьвячыны ў вольным сьвеце, то бачыш, як у апошняй казцы раптам разбураецца мітычны час і пачынаецца гісторыя. І чыгунка зь дзевятнаццатага стагодзьдзя выносіць цябе ў роднае дваццаць першае, дзе нячыстая сіла жыве толькі на экране электроннай чыталкі.

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG