У Італіі пераадолелі палітычны крызіс: прэзыдэнт даў згоду на фармаваньне ўраду

Прафэсар Джузэпэ Контэ

Прэзыдэнт Італіі Сэрджа Матарэля зноў даручыў прафэсару Джузэпэ Контэ, кандыдату ад папулісцкіх партыяў, сфармаваць урад, паведамляе Reuters.

Такім чынам Сэрджа Матареля знайшоў выйсьце з трохмесячнага палітычнага крызісу, які ўзьнік празь немагчымасьць дамовіцца аб новым урадзе. Працэс яго фармаваньня працягваўся з моманту правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Італіі 4 сакавіка.

Гэта ўжо другі раз, калі прэзыдэнт дае мандат Джузэпэ Контэ на фармаваньне ўраду. Першы раз спроба правалілася пасьля адмовы Матарэлі ўхваліць на пасадзе міністра фінансаў жорсткага крытыка эўразоны Паўлё Савону. Празь нязгоду зацьвердзіць Савону Джузэпэ Контэ адмовіўся ад пасады прэм’ера.

31 траўня пасьля няўдалай спробы сфармаваць тэхнакратычны ўрад на чале з эканамістам Карлё Катарэлі лідэры італьянскіх папулісцкіх партый «Рух 5 зорак» і «Ліга» зноў дамовіліся аб фармаваньні ўраду.

На пасаду міністра фінансаў прапанаваная кампрамісная фігура — прафэсар эканомікі Джавані Трыя, які падтрымлівае сяброўства краіны ў эўразоне.

Варта адзначыць, што Паўлё Савона ўсё ж будзе працаваць ва ўрадзе: ён зойме пасаду міністра эўрапейскіх спраў.

Лідэр партыі «Лігі» Матэо Сальвіні і лідэр «Руху 5 зорак» Луіджы Ды Маё зоймуць пасады віцэ-прэм’ераў. Сальвіні таксама будзе міністрам унутраных спраў, а Луіджы Ды Маё — міністрам прамысловасьці, паведамляе італьянскае выданьне Rai News.

Чакаецца, што новы ўрад Італіі прыме прысягу ў пятніцу, 1 чэрвеня.