Нацыянальная ідэя як дах

Чалавек у Менскім раёне пакрыў дах свайго прыватнага дому агітацыйным плякатам часоў выбараў 2015 году. Нататку пра гэта апублікаваў TUT.BY

Факт камічны, але і з глыбокай філязофскай подбіўкай. Ну вось гэты чалавек пакрыў дах цяперашнім афіцыйным плякатам. А быў бы іншы афіцыёз, да таго інакш ставіўся б? А будзе іншы, інакш будзе ставіцца?

Атрымалася такая мэтафара — як беларусы абыходзяцца з нацыянальнай ідэяй. Прычым хто б яе ні прапаноўваў — хоць Пазьняк, хоць Лукашэнка, хоць Зісер. Прычым мэтафара двухслойная. Па-першае, у сэнсе цалкам практычнага ўжываньня. А, па-другое, як менавіта. А для абароны, у якасьці даху. Схавацца пад яе, каб абараніць сваё прыватнае жыцьцё.

У сувязі з гэтым прыгадалася гісторыя з уласнага жыцьця.

1989 ці 1990 год. Разгар перабудовы, у Беларусі імкліва набірае сілу Беларускі Народны Фронт. У якім я тады браў сьціплы ўдзел. Працаваў я тады ў інстытуце матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук, а паралельна падпрацоўваў чытаньнем лекцыяў па матстатыстыцы ў Беларускім політэхнічным інстытуце.

Студэнтаў я ні за што не агітаваў, ніякіх значкоў не насіў. Але пэўна ведалі, недзе чыталі, чулі. Маё імя, мой подпіс стаяў пад рознымі адозвамі і ўлёткамі Фронту. Пагалоскамі зямля поўніцца.

І вось іспыт, які мне прымаць. Заходжу ў аўдыторыю. Сядзяць 8 чалавек. Усе з бел-чырвона-белымі значкамі. Усе! Прымаю іспыт. Заходзяць новыя. І ўсе зноў жа са значкамі. Выходзіць адзін, а я адразу за ім пакурыць. І бачу — ён здымае значок і перадае наступнаму, каму чарга заходзіць на іспыт.

Ах вы, думаю, чэрці. А яны што: трэба табе (у сэнсе — мне) — на, вось табе значок. Ну і ашчадныя — ня кожны значок набыў.

Пікантнасьць сытуацыі была ў тым, што ў цэлым у грамадзтве той сьцяг яшчэ ня быў афіцыйным. Партыйная прэса яшчэ ганіла «пену на хвалі перабудовы», нацыяналістаў, але забароны ўжо не было, розныя ветры дзьмулі з Масквы, і з Балтыі, і з Украіны. За значок з бел-чырвона-белым сьцягам ужо б не затрымалі, не пасадзілі. Рызыкі ўжо не было. А разьлік для маіх студэнтаў ужо быў.

Калі прэпод завернуты на гэтым — чаму ж яму не зрабіць прыемнае? Спрацуе — не спрацуе, але не зашкодзіць жа. Праўда, у мяне гэтыя дэманстрацыі ляяльнасьці не выклікалі гатоўнасьці дэманстраваць ляяльнасьць да іх. Я імкнуўся ставіць адзнакі ў адпаведнасьці іх ведам. Але адкуль яны маглі гэта ведаць?

Да таго ж, паколькі са значкамі былі ўсе, то ў мяне не было крытэру, як ацэньваць іх адданасьць нацыянальнай ідэі, нават калі б я быў гатовы ставіць адзнакі ў адпаведнасьці з гэтай іх адданасьцю. Але ў іх разуменьні ў кантэксьце сытуацыі ня тое, што значок даваў шанцы на лепшую адзнаку, але яго адсутнасьць несла рызыку атрымаць горшую ацэнку. Дах, шчыт, як і было сказана.

Павучальны ўрок я тады атрымаў ад маладога пакаленьня беларусаў, ад нашай будучыні, так бы мовіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.