Экс-міліцыянту, якога вінавацяць у зьбіцьці затрыманых, пагражае 6 гадоў калёніі

Пацярпелы Сяргей Каляда ў шпіталі зь пераломам рукі і двух рэбраў, архіўнае фота

Пракуратура просіць пакараць былога супрацоўніка Маскоўскага РАУС Берасьця, які абвінавачваецца ў перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, шасьцю гадамі пазбаўленьня волі.

Пра гэта TUT.BY паведаміла маці аднаго з пацярпелых Раіса Каляда.

Паводле сьледзтва, абвінавачаны «ў групе з неўстаноўленымі асобамі» зьбіў двух жыхароў Берасьця, якіх даставілі ў апорны пункт міліцыі за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане ап’яненьня.

Яго абвінавачваюць у перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, зьвязаным з гвалтам і прымяненьнем спэцсродкаў. Артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Абвінавачаны сябе вінаватым не прызнаў.

Два берасьцейцы кажуць, што іх зьбілі міліцыянты, сілавікі гэта адмаўляюць

Жорсткае зьбіцьцё Сяргея Каляды і ягонага сябра Аляксандра Зехава ў пастарунку Берасьця набыло шырокі розгалас.

Паведамлялася, што вынікам «самасуду» з боку міліцыянтаў РАУС Маскоўскага раёну сталі паламаныя рэбры затрыманых і чорныя ад сінякоў ногі.

Раіса Каляда апавяла, што яе сын сустракаўся зь сябрамі ў кавярні «Казка». Юнакі зрабілі замову, пасядзелі, а празь некаторы час папрасілі выклікаць ім таксоўку. Калі яны сядалі ў таксоўку, да іх падбеглі двое міліцыянтаў. Хлопцаў затрымалі, адвезьлі ў пастарунак і там зьбілі.

Раіса Каляда кажа, што яе сын быў зьбіты ні за што «на горкі яблык».

Аднак ва УУС Берасьцейскага аблвыканкаму тады казалі, што вэрсія пра зьбіцьцё ў міліцыі не адпавядае рэчаіснасьці.

У ліпені мінулага году суд Маскоўскага раёну Берасьця спыніў адміністрацыйную справу адносна Аляксандра Зехава й Сяргея Каляды за недаказанасьцю віны. Іх абвінавачвалі ў непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню службовай асобы.

Раней яны абскардзілі ў судзе штрафы за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня. Адміністрацыйная справа была накіраваная на дапрацоўку.

Аляксандар і Сяргей таксама напісалі заяву ў Сьледчы камітэт з просьбай прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі.

«Нават адну базавую штрафу не заплаціў». Даішнік, які зьбіў жанчыну на пераходзе, застаўся беспакараным