Паўднёвая Карэя і КНДР дамовіліся правесьці перамовы на высокім узроўні ў сераду, 16 траўня, паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на паўднёвакарэйскае Міністэрства аб’яднаньня. Яны пройдуць на паўднёвым баку Пахнмунджома, разьмешчанага ў дэмілітарызаванай зоне паміж дзьвюма краінамі.
Паўночная Карэя накіруе на перамовы дэлегацыю з 29 чалавек на чале са старшынёй Камітэту мірнага аб’яднаньня Лі Сон Гвонам. У яе склад таксама ўвойдуць чыноўнікі, якія адказваюць за спорт і эканоміку. Паўднёвакарэйскую дэлегацыю ўзначаліць міністар аб’яднаньня Чо Мён Гён, у яе склад увойдуць яшчэ чатыры чыноўнікі.
Мэта перамоваў — абмеркаваць наступныя захады ў пагадненьнях, якія лідэры дзьвюх дзяржаваў дасягнулі на гістарычным саміце ў мінулым месяцы, і закласьці аснову для «ўстойлівага разьвіцьця і трывалага міру», заявілі ў Сэуле.
Гэта будуць першыя афіцыйныя перамовы пасьля сустрэчы лідэраў дзьвюх краінаў, Мун Чжэ Іна і Кім Чэн Ына, якая прайшла 27 красавіка 2018 году. Гэтыя перамовы сталі першай сустрэчай на найвышэйшым узроўні паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй за больш чым 10 гадоў.
Асноўным палітычным вынікам саміту стала зьніжэньне напружанасьці на паўвостраве. Лідэры дзьвюх краінаў дамовіліся працаваць над ядзерным раззбраеньнем Карэйскага паўвострава і вырашылі імкнуцца да таго, каб скласьці мірную дамову да канца году. Акрамя таго, Кім Чэн Ын паабяцаў закрыць ядзерны палігон у Паўночнай Карэі. У Пхэньяне 14 траўня заявілі, што адпаведная цырымонія пройдзе ў прамежак з 23 па 25 траўня, на яе запрошаныя замежныя журналісты.