Трамп назваў дату і месца сустрэчы зь Кім Чэн Ынам

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што яго сустрэча зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам адбудзецца ў Сінгапуры 12 чэрвеня. Як напісаў Трамп у твітэры, абодва лідэры паспрабуюць ператварыць сустрэчу ў «асаблівую падзею» для справы міру ва ўсім сьвеце.

Дзейныя амэрыканскія прэзыдэнты ніколі не сустракаліся з паўночнакарэйскімі кіраўнікамі. Дональд Трамп заявіў пра намер правесьці перамовы зь Кім Чэн Ынам у сакавіку. Сынгапур быў абвешчаны адным з магчымых месцаў для правядзеньня сустрэчы.

Трамп раней заявіў, што можа адмяніць сустрэчу з Кім Чэн Ынам або перапыніць перамовы зь ім, калі стане ясна, што дыпляматычныя намаганьні не дасягнулі посьпеху. Прэзыдэнт ЗША пры гэтым выказаў надзею, што сустрэча пройдзе пасьпяхова.

9 траўня ў Паўночную Карэю для падрыхтоўкі сустрэчы Трампа зь Кім Чэн Ынам прыбыў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Падчас гэтага візыту паўночнакарэйскае кіраўніцтва вызваліла трох затрыманых амэрыканскіх грамадзянаў.