Сэнатар Маккейн ня хоча, каб Трамп прысутнічаў на яго пахаваньні

Сэнатар Джон Маккейн

Сям’я Джона Маккейна па «стане на сёньняшні дзень» плянуе запрасіць на яго пахаваньне віцэ-прэзыдэнта ЗША Майка Пэнса, а не прэзыдэнта Трампа, праз «напружаныя дачыненьні» рэспубліканскага сэнатара з гаспадаром Белага дома. Пра гэта паведаміла газэта The New York Times.

Афіцыйнай інфармацыі пра стан здароўя Джона Маккейна няма, але ўскосныя прыкметы сьведчаць, што ён вельмі цяжкі. У ліпені 2017 году ў Маккейна быў дыягнаставаны рак мозгу. У тым жа месяцы ён разышоўся са сваёй партыяй і прагаласаваў супраць адмены рэформы сыстэмы мэдыцынскага страхаваньня, ажыцьцёўленай Баракам Абамам. Гэты крок сэнатара настолькі раззлаваў Дональда Трампа, што больш як праз паўгода ён нагадаў яго Маккейну на партыйнай канфэрэнцыі.

У 2015 годзе Трамп заявіў, што Джон Маккейн, вайсковы лётчык, вэтэран віетнамскай вайны, не зьяўляецца «героем», паколькі быў зьбіты над Ханоем і правёў шэсьць гадоў у палоне.

Трампа не было сярод запрошаных на пахаваньне былой першай лэдзі Барбары Буш, якая памерла ў мінулым месяцы. Тады Белы дом выдаў заяву, што прэзыдэнт не будзе прысутнічаць на пахаваньні, бо «паважае сям’ю Буш і разумее, што арганізацыя яго асабістай аховы можа перашкодзіць правядзеньню жалобнай цырымоніі».