80-гадовы Джон Маккейн, згодна з першапачатковай заявай, перанёс на мінулым тыдні ў пятніцу апэрацыю па выдаленьні тромба ў сасудах мозгу. Цяпер лекары патлумачылі, што зьяўленьне тромба справакавала агрэсіўная пухліна мозгу, якая была выдаленая з дапамогай так званага мінімальна інвазіўнага хірургічнага ўмяшаньня. Джон Маккейн добра перанёс апэрацыю, ён быў выпісаны зь лякарні на наступны дзень і цяпер знаходзіцца дома.
Паводле статыстыкі, пацыенты, якія перанесьлі падобную апэрацыю, у сярэднім жывуць каля 14 месяцаў. Джон Маккейн у мінулым перанёс тры апэрацыі па выдаленьні мэляномы. Апошні раз рак скуры быў дыягнаставаны ў 2002 годзе. З тых часоў сэнатар праходзіў рэгулярныя абсьледаваньні.
Джон Маккейн, вэтэран віетнамскай вайны, кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі ў 2008 годзе, зьяўляецца адным з самых уплывовых і аўтарытэтных заканадаўцаў ЗША. Ён узначальвае сэнацкі камітэт у справах узброеных сілаў. Маккейн — традыцыйны крытык расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і прыхільнік жорсткіх захадаў узьдзеяньня на Крэмль.