Кіраўнік Сьледчага камітэту пра сьмерць салдата ва Ўруччы: вінаватыя выяўленыя і панясуць адказнасьць

Дзьмітры Ўдод

Вінаватыя ў няшчасным выпадку, у выніку якога загінуў шараговец Дзьмітры Ўдод, выяўленыя і будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Пра гэта паведаміў 6 траўня старшыня сьледчага камітэту Іван Наскевіч, адказваючы на пытаньні журналістаў у Берасьці. Пра гэта паведамляе tut.by.

Справа гібелі салдата цяпер у актыўнай стадыі расьсьледаваньня.

«Намі ўжо вызначаны мэханізм гэтага няшчаснага выпадку, што адбыўся зь ім. Мы гэта кваліфікуем як няшчасны выпадак, але вінаватыя асобы выяўленыя, яны будуць прыцягнутыя да адказнасьці», — адзначыў старшыня Сьледчага камітэту.

Дзьмітры Ўдод загінуў 4 красавіка падчас плянавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы. Як паведамляла Міністэрства абароны, «вайскоўцамі тэрміновай вайсковай службы, што ўваходзілі ў экіпаж БМП, былі парушаныя захады бясьпекі пры ўзбраеньні баявых машын. У выніку адзін з членаў экіпажу, старшы мэханік-кіроўца БМП шараговец Удод Дьзмітры Мікалаевіч, атрымаў агнястрэльнае раненьне, несумяшчальнае з жыцьцём».

«На жаль, але часам парушэньне тэхнікі бясьпекі прыводзіць да такіх трагічных выпадкаў. Я думаю, што мы абавязкова праінфармуем грамадзкасьць, калі будзе выстаўленае абвінавачаньне», — паведаміў Іван Наскевіч.

Раней шэраг інфармацыйных рэсурсаў паведамлялі, што загінулы шараговец Удод праходзіў сьведкам у справе другога загінулага вайскоўца Аляксандра Коржыча. Кіраўнік СК аспрэчыў гэтае сьцьвярджэньне: «Гэта няпраўда».