Сёлета могуць ня даць «нобэля» па літаратуры

Былая сакратарка Швэдзкай акадэміі Сара Даніюс

Швэдзкая акадэмія, якая штогод прысуджае Нобэлеўскія прэміі па літаратуры, зьбіраецца 3 траўня на пасяджэньне, каб вырашыць лёс прэміі ў 2018 годзe.

З інфармацыі, якая прасачылася ў швэдзкія СМІ, вынікае, што акадэмікі разважаюць дзьве магчымасьці — альбо адмяніць сёлетняе прысуджэньне літаратурнай прэміі наогул, альбо адкласьці яе прысуджэньне да 2019 году і тады ўручыць дзьве прэміі за адзін раз.

Прычыну гэтага трэба шукаць у сэксуальным і фінансавым скандале, пра які швэдзкія СМІ паведамілі ў лістападзе летась і які зь цягам часу выклікаў адстаўкі некаторых акадэмікаў, уключна з сакратаром Акадэміі Сарай Даніюс. На сёньняшні дзень застаюцца 11 дзейных чальцоў Швэдзкай акадэміі са статутнай колькасьці 18.

Сэксуальны скандал паставіў пад пагрозу лёс Швэдзкай акадэміі

Скандал зьвязаны з Жанам-Клёдам Арно, мужам чальца Акадэміі Катэрыны Фростэнсан, які апынуўся пад сьледзтвам, бо 18 жанчын абвінавацілі яго ў сэксуальным гвалце і дамаганьнях. У дадатак Арно кіруе культурным фондам, які ў мінулым меў фінансавыя дачыненьні са Швэдзкай акадэміяй.

Акрамя таго, зь імем Арно зьвязваюць ўцечку інфармацыі аб тым, каму будзе прысуджаная Нобэлеўская прэмія, на працягу некалькіх апошніх гадоў. Паводле швэдзкай прэсы, у мінулым Арно перад афіцыйным абвяшчэньнем вэрдыкту Швэдзкай акадэміі разгалошваў знаёмым канфідэнцыйную інфармацыю пра прысуджэньне літаратурнага нобэля ў выпадку сямі пісьменьнікаў, у тым ліку Сьвятланы Алексіевіч (2015) і Боба Дылана (2016).

Да гэтага часу Нобэлеўскую прэмію па літаратуры не прысуджалі сем разоў: у 1914, 1918, 1935, 1940-1943 гг.