Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксуальны скандал паставіў пад пагрозу лёс Швэдзкай акадэміі


Пастаянны сакратара Швэдзкай акадэміі Сара Даніюс робіць заяву пра сваю адстаўку. 12 красавіка 2018 году.
Пастаянны сакратара Швэдзкай акадэміі Сара Даніюс робіць заяву пра сваю адстаўку. 12 красавіка 2018 году.

Цягам апошняга тыдня Швэдзкую акадэмію, якая прымае рашэньні аб прысуджэнні Нобелеўскай прэміі па літаратуры, пакінулі пяць чальцоў у сувязі з сэксуальным скандалам.

Улічваючы факт, што двое чальцоў 18-асабовай Швэдзкай акадэміі перасталі ўдзельнічаць у яе працы раней, цяперашняя колькасьць дзейных акадэмікаў панізілася да 11 чалавек, што менш за 12-асабовы кворум, патрэбны для абраньня новых чальцоў.

Паводле дзейнага статуту Швэдзкай акадэміі, на месца тых чальцоў, якія падалі ў адстаўку, нельга прызначыць новых, паколькі яны абіраюцца пажыцьцёва. Кароль Швэцыі Карл XVI Густаў заявіў аднак, што не выключае зьмены статуту, каб адмяніць гэтае правіла.

Сталы сакратар Швэдзкай Акадэміі Сара Даніюс падала ў адстаўку 12 красавіка, заявіўшы, што сысьці ёй рэкамэндавалі іншыя чальцы акадэміі.

Акадэмію пакінула таксама паэтка Катарына Фростенсан. Менавіта з мужам Фростэнсан, Жан-Клёдам Арно, былі зьвязаныя абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце і дамаганьнях, якія расьсьледуе паліцыя. У лістападзе 2017 швэдзкая газэта Dagens Nyheter паведаміла, што 18 жанчын абвінавацілі Жан-Клёда Арно ў спробах сэксуальнага гвалту і дамаганьнях.

Акрамя таго, зь імем Арно зьвязваюць ўцечку інфармацыі аб тым, каму будзе прысуджаная Нобэлеўская прэмія, на працягу некалькіх апошніх гадоў.

Паводле швэдзкай прэсы, у мінулым Арно перад афіцыйным абвяшчэньнем вэрдыкту Швэдзкай акадэміі разгалошваў знаёмым канфідэнцыйную інфармацыю пра прысуджэньне літаратурнага нобэля ў выпадку сямі пісьменьнікаў, у тым ліку Сьвятланы Алексіевіч (2015) і Боба Дылана (2016).

Паводле газэты The New York Times, якая цытуе сябра Нобэлеўскага камітэту, апошнія адстаўкі швэдзкіх акадэмікаў пакуль што не пагражаюць самой Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, бо для яе прысуджэньня патрабуецца кворум з васьмі акадэмікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG