У Расеі пачалі блякаваць мэсэнджэр Telegram

У Расеі па рашэньні суду пачалі блякаваць доступ да мэсэнджэру Telegram. Аб гэтым паведамляецца на сайце «Роскомнадзора».

На працягу дня ведамства накіруе запыты ў крамы прыкладаньняў App Store і Google Play з патрабаваньнем выдаліць прыкладаньне, паведаміў Інтэрфаксу кіраўнік «Роскомнадзора» Аляксандар Жараў.

У пятніцу суд у Маскве пастанавіў неадкладна заблякаваць Telegram. Такое рашэньне было прынятае пасьля таго, як мэсэнджэр адмовіўся даць ФСБ Расеі ключы шыфраваньня ад перапіскі карыстальнікаў, спаслаўшыся на гарантаваную Канстытуцыяй таямніцу перапіскі. У той жа дзень «Роскомнадзор» унёс мэсэнджэр у рэестар забароненых на тэрыторыі Расеі сайтаў.

Стваральнік Telegram Павал Дураў заявіў, што мэсэнджэр працягне працаваць з дапамогай убудаваных мэтадаў абыходу блякаваньняў і VPN.