Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей даў вялікае інтэрвію Euranews, у якім адказаў на пытаньні пра нядаўняе сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР, энэргетычную і гандлёвую залежнасьць ад Расеі, магчымасьць паўтарэньня ў Беларусі крымскіх падзеяў, а таксама патлумачыў, чаму ў краіне насьпела неабходнасьць зьмяніць Канстытуцыю.
Радыё Свабода выбрала самыя цікавыя цытаты з інтэрвію.
Пра санкцыі Эўрапейскага зьвязу
«За два гады мы дасягнулі значна большаго ў адносінах з Эўразьвязам, чым за папярэднія 20 гадоў санкцый, недаверу і так званай "мэгафоннай дыпляматыі".
Что тычыцца санкцый... Думаю, што мы рухаемся наперад, павольна, але нязьменна. Большая частка абмежавальных мераў была адмененая ў 2016 годзе. У двухбаковым парадку засталіся толькі некаторыя санкцыі. У першую чаргу, гэта эмбарга на гандаль зброяй. Гаворка ідзе пра гандаль спэцыфічнай ваеннай тэхнікай, але не пра экспарт у цэлым, і гэта важна. [...] Думаю, што мы павольна рухаемся ў бок поўнай адмены санкцый, і спадзяюся, што гэта здарыцца ў найбліжэйшай будучыні».
Пра адмену сьмяротнага пакараньня
«Калі існуюць нейкія далікатныя тэмы — сьмяротнае пакараньне ці іншыя пытаньні, — я думаю, што нашы партнэры павінны ўлічваць канкрэтныя абставіны, умовы, сытуацыю тут, у нашай краіне.
Паўтаруся, немагчыма дасягнуць ўсяго і адразу. Немагчыма легчы спаць у Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў цалкам эўрапейскай дэмакратычнай дзяржаве. Гэта ня значыць, што мы ня хочам вучыцца. Мы гатовыя вучыцца, у тым ліку вывучаць эўрапейскія "падручнікі"».
Пра 100-годзьдзе БНР і затрыманьні
«У Савецкім Саюзе гэты пэрыяд нашай гісторыі ацэньваўся нэгатыўна. Мяне, напрыклад, вучылі ў школе, што кіраўнікі БНР былі здраднікамі, якія спрабавалі ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з кайзэрам. Але сёньня дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам, тым, для каго гэтая дата важная. Улады санкцыянавалі мітынг і канцэрт у самым прэстыжным у Менску месцы — паблізу Тэатра Опэры і Балету. Хочаце выкарыстоўваць сымбалі БНР — калі ласка, ніякіх праблем. Дазволеныя любыя прамовы і заявы...
Ніхто ня быў арыштаваны ў сувязі са сьвяткаванньем гэтага дня. Так, некалькі чалавек былі затрыманыя, але за парушэньні закону, якія былі зьдзейсьненыя імі раней».
Міністар Макей: «Дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам»
Канцэрт да 100-годзьдзя БНФ 25 сакавіка 2018 году ў Менску
Пра Расею і залежнасьць
«З эканамічнага пункту гледжаньня сёньня мы моцна залежым ад Расеі. Менавіта таму перад намі стаіць задача дывэрсыфікаваць адносіны, у першую чаргу, эканамічныя. Эўразьвяз — наш другі па значнасьці эканамічны партнэр пасьля Расеі. У мінулым годзе тавараабарот з ЭЗ вырас на 30%, а наш экспарт — на 40%. Гэта пазытыўны знак.
У многіх заходніх краінах Беларусь часам лічаць часткай Расеі і расейскай палітыкі. Але я хацеў бы падкрэсьліць, што мы зьяўляемся незалежнай дзяржавай, маладой суверэннай дзяржавай, і мы заўсёды будзем дзейнічаць у адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі. Безумоўна, мы прымаем да ўвагі меркаваньне эўрапейскіх і расейскіх партнэраў, але мы заўсёды будзем прымаць рашэньні ў адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі».
Пра Ўкраіну і «ўкраінскі сцэнар»
«Украінскія ўлады нарабілі шмат памылак у мінулым, у выніку якіх там склалася такая сытуацыя. Мы не баімся рэалізацыі «ўкраінскага сцэнара» у Беларусі. Мы некалькі адрозьніваемся ад украінцаў і ніколі не дапусьцім той сытуацыі, якая мела месца ва Ўкраіне.
Ня думаю, што Расея хацела б арганізаваць у Беларусі нешта падобнае да «ўкраінскага сцэнару», што яны захочуць так паступіць. Гэта ня ў іх інтарэсах. Мне ўяўляецца абсурдным нават абмеркаванне гэтых гіпатэтычных рэчаў».
Пра выбару і зьмену Канстытуцыі
«Мы ў мінулым прынялі да ўвагі шмат рэкамендацый БДІПЧ АБСЭ. Асобныя рэкамэндацыі яшчэ абмяркоўваюцца. Мы не адмаўляемся і гатовыя працаваць над гэтымі рэкамэндацыямі.
Але давайце разглядаць сітуацыю ў больш шырокім кантэксце. Сёньня мы задумваемся над магчымым зьмяненьнем Канстытуцыі. Сытуацыя і ў Беларусі, і вакол яе зьмянілася. Паўстала шмат новых абставінаў, умоў, выклікаў, і мы павінны іх улічваць.
Паглядзіце на сытуацыю вакол Беларусі. У першую чаргу гаворка ідзе аб пытаньнях стабільнасьці і бясьпекі: крызіс ва Ўкраіне, узаемныя санкцыі паміж Расеяй і ЭЗ. У эканамічнай сфэры мы назіраем ледзь не эканамічныя вайны, досыць успомніць пра апошнія сутыкненьнях у рамках Трансатлянтычнага партнэрства...
Выклікаў шмат, і мы павінны іх улічваць. Таму мы думаем над паляпшэньнем некаторых палажэньняў Канстытуцыі. Гэтыя зьмены непазьбежна прывядуць да трансфармацыі заканадаўства ў эканамічнай, выбарчай і іншых галінах».