Украіна ня выдасьць пранкера, які паведаміў пра «300 загінулых» у Кемераве

Пажар у гандлёвым цэнтры ў Кемерава. Фота 26 сакавіка 2018 году.

Украіна ня выдасьць Расеі пранкера Яўгена Вальнова. Яго падазраюць у распальваньні нянавісьці ці варожасьці з той прычыны, што ён нібыта распаўсюджваў інфармацыю пра «300 загінулых» падчас пажару ў гандлёвым цэнтры ў Кемераве 25 сакавіка.

У прэс-службе Генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што, згодна з Канстытуцыяй, сваіх грамадзян за мяжу не выдаюць. Генпракуратура заклікала Расею накіраваць у Кіеў дакумэнты па справе Вальнова ў рамках міжнароднай прававой дапамогі.

Вальноў завочна арыштаваны ў Расеі і абвешчаны ў вышук. Ён апублікаваў аўдыёзапіс, у якім ад імя выратавальніка МНС пытаецца супрацоўнікаў моргаў Кемерава пра гатоўнасьць прыняць целы больш за 300 загінулых. У Расеі пранкеру пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі, а таксама штраф у памеры да паўмільёна расейскіх рублёў.

Паводле афіцыйных дадзеных, у пажары ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемераве загінулі 64 чалавекі. Большасьць зь іх — дзеці. Група мясцовых добраахвотнікаў складае неафіцыйны сьпіс магчымых загінулых і зьніклых бяз вестак. У гэтым сьпісе на 29 чалавек больш. У прыватнасьці, у яго ўваходзяць людзі, якія не зьяўляліся дома за некалькі дзён да трагедыі.

29 сакавіка стала вядома, што тры чалавекі з сьпісу зьніклых бяз вестак пры пажары ў Кемераве аказаліся жывыя. Сьледчы камітэт паведаміў, што праверыў звароты мясцовых жыхароў аб 67 зьніклых бяз вестак падчас пажару, і высьветлілася, што трое зь іх жывыя. Цяпер дадзеныя Сьледчага камітэту аб колькасьці загінулых супадаюць з дадзенымі МНС.

Пажар у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемераве пачаўся 25 сакавіка. У сацсетках ў першыя гадзіны пасьля пажару пачалі зьяўляцца паведамленьні пра тое, што загінула больш за 300 чалавек. На дадзены момант гэтыя чуткі не знайшлі пацьверджаньня.