Дэмакраты заклікалі Трампа ўвесьці санкцыі ў дачыненьні Расеі

У ЗША больш за дзьве траціны кангрэсмэнаў-дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў заклікалі прэзыдэнта Дональда Трампа выканаць падпісаны ім летам закон і ўвесьці санкцыі да Расеі ў адказ на меркаванае ўмяшаньне ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары. У адваротным выпадку амэрыканскія заканадаўцы пагражаюць прыняць новы, больш жорсткі закон аб санкцыях у дачыненьні Расеі. Пра гэта паведамляе The Hill.

У лісьце, які падпісалі 140 дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў, яны нагадваюць, што Трамп прапусьціў вызначаны на 29 студзеня крайні тэрмін уводу санкцыі.

У канцы лютага міністар фінансаў ЗША Стывен Мнучын паведаміў, што амэрыканскія ўлады ўвядуць новы пакет санкцый у дачыненьні Расеі на працягу месяца. Раней Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала «крамлёўскі даклад» — сьпіс набліжаных прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі. У дакумэнт увайшлі 210 чалавек. У іх ліку ўсе чальцы ўраду Расеі, супрацоўнікі адміністрацыі Пуціна, кіраўнікі дзяржкарпарацый, кіраўнікі праваахоўных ведамстваў і алігархі.

У ЗША вядзецца расьсьледаваньне верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Масква сваё дачыненьне да выбараў у іншых дзяржавах катэгарычна адпрэчвае. Прэзыдэнт Трамп адмаўляе, што яго перадвыбарчы штаб уступаў у змову з Расеяй.