«Позву атрымаў за 14 хвілін да суду»: у Берасьці аштрафавалі журналіста Ляўчука

Алесь Ляўчук з жонкай Міланай Харытонавай.

Незалежны журналіст Алесь Ляўчук зь Берасьця атрымаў 612,5 рублёў штрафу (25 базавых велічыняў) за супрацу з тэлеканалам «Белсат».

Як апавёў Свабодзе спадар Ляўчук, на самім судзе ён ня быў. «Позву атрымаў за 14 хвілін да суду — у 9:46 прыйшла смска, што ў 10:00 у мяне суд. Нават каб у мяне быў дыван-самалёт, я б туды наўрад ці пасьпеў», — кажа журналіст.

Аштрафаваў Алеся Ляўчука судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця Раман Карабан. Сюжэт Ляўчука, які фігураваў у разглядзе справы, тычыўся берасьцейскай вуліцы Шаўчэнкі. У ім апавядалася, што «ў справаздачы напісалі, што вуліца адрамантаваная поўнасьцю, хаця зрабілі гэта толькі напалову».

Алесь Ляўчук кажа, што будзе абскарджваць прысуд з-за неналежнага запрашэньня яго ў на паседжаньне. Апошні раз Ляўчука судзілі летась пасьля затрыманьня ў Кобрыні падчас асьвятленьня акцыі недармаедаў.