Раскамнагляд пачаў блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў Навальнага

Аляксей Навальны

Раскамнагляд прыступіў да блякаваньня рэсурсаў Аляксея Навальнага. Доступ зачынілі да блогу апазыцыянэра. Там была апублікаваная тэкставая вэрсія расьсьледаваньня пра намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзьку і мільярдэра Алега Дзерыпаску.

Навальны 8 лютага апублікаваў расьсьледаваньне аб магчымым дачыненьні Прыходзькі да карупцыі. Чыноўнік летам 2016 году, як мяркуецца, плаваў на яхце Дзерыпаскі і абмяркоўваў зь ім умяшаньне ў выбары прэзыдэнта ЗША. Гэта стала вядома дзякуючы Насьці Рыбцы — адной зь дзяўчын, якая была на яхце.

Раскамнагляд запатрабаваў ад Навальнага выдаліць публікацыі пра Прыходзьку і Дзерыпаску на падставе рашэньня суду гораду Усьць-Лабінск Краснадарскага краю. Гэты суд унёс відэазапіс расьсьледаваньня Навальнага і яго блог у рэестар забароненых сайтаў паводле пазову Дзерыпаскі да Насты Рыбкі. Пры гэтым разгляд самага пазову, як чакаецца, пачнецца толькі 1 сакавіка.

Instagram у ноч з 14 на 15 лютага паводле патрабаваньня Раскамнагляду выдаліў пасты Насьці Рыбкі пра Дзерыпаску. Відэазапіс расьсьледаваньня Навальнага ў YouTube яшчэ даступны. Раней, паводле патрабаваньня ўладаў, публікацыі аб датычнасьці да карупцыі Прыходзькі выдалілі шэраг СМІ. Навальны 13 лютага падаў на Раскамнагляд у суд.