Суд аштрафаваў удзельнікаў «канаплянага калядаваньня» у Менску

Удзельнікі кампаніі Legalize Belarus. Фота Ўладзіслава Барысевіча

Удзельнікаў «канаплянага калядаваньня», якое прайшло ў Менску 25 сьнежня 2017 году, суд аштрафаваў у агульнай суме на 1470 рублёў, піша БелаПАН.

Паседжаньне праходзіла ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Кіраўнік мэдыяслужбы грамадзкага руху «Дзея» Пятро Маркелаў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (735 рублёў). Астатніх удзельнікаў акцыі — Юлію Швабовіч, Міхаіла Варанцова і Стаса Шашка — суд аштрафаваў на 10 базавых велічынь (245 рублёў) кожнага.

Пятро Маркелаў, архіўнае фота

Пятро Маркелаў паведаміў Радыё Свабода, што ўсе чатыры аштрафаваныя ўдзельнікі калядаваньня будуць абскарджваць прысуд.

«Гэта абсурд — судзіць за калядаваньне, натуральна, за сьпевы. Бо фактычна ніякай пазыцыі мы не выражалі», — сказаў Маркелаў.

Удзельнікаў «канаплянага калядаваньня» прызналі вінаватымі па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП «Паўторнае парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Маркелава пачаўся 18 студзеня. На першым паседжаньні суд накіраваў пратакол у дачыненьні да актывіста на дапрацоўку ў міліцыю. Паводле Маркелава, у першым пратаколе яго абвінавачвалі ў арганізацыі «канапляных калядаваньняў». Доказаў, што Маркелаў арганізатар, не было — у другім пратаколе «арганізацыю» замянілі на «ўдзел».

Акцыя «Канаплянае калядаваньне» праводзілася ў межах кампаніі Legalize Belarus. Удзельнікі кампаніі выступаюць за адмену крымінальнага артыкула 328 «Незаконны абарот наркатычных сродкаў». На думку актывістаў, Крымінальны кодэкс прадугледжвае неабгрунтавана вялікія тэрміны зьняволеньня за ўжываньне, захоўваньне і збыт наркатычных сродкаў.