У Расеі супрацоўнікам ДАІ забаранілі складаць пратаколы на п’яных судзьдзяў

У Расеі ўступіў у сілу загад Міністэрства ўнутраных спраў, які забараняе дарожнай паліцыі адхіляць ад кіраваньня аўтамабілем судзьдзяў, якія знаходзяцца ў стане алькагольнага апʼяненьня. Пра гэта ў чацьвер паведаміла выданьне «Коммерсант».

Папярэдняя вэрсія дакумэнта прадпісвала супрацоўнікам ДПС абыходзіцца з судзьдзямі гэтак жа, як і зь іншымі кіроўцамі. У новай рэдакцыі ім нельга складаць пратакол аб парушэньні, праводзіць мэдычны агляд і адхіляць судзьдзю ад кіраваньня транспартным сродкам.

Цяпер супрацоўнік ДПС можа толькі скласьці рапарт пра сутнасьць парушэньня, дапушчанага судзьдзём, і перадаць яго кіраўніку, які, у сваю чаргу, перадасьць матэрыялы ў нагляднае ведамства.

Аналягічная норма ўжо распаўсюджваецца на пракурораў. Такую меру ў Генэральнай пракуратуры Расеі патлумачылі магчымасьцю аказаньня ціску на дзяржаўных абвінаваўцаў з боку дарожнай паліцыі.