Урад Літвы дазволіў ЭГУ працаваць да ліпеня 2019 году па старой ліцэнзіі

Архіўнае фота. Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ

31 студзеня падчас нарады ўраду Літвы, у якой удзельнічалі ўсе 15 міністраў і прэм’ер, быў прадстаўлены праект і прынятае рашэньне аб адтэрміноўцы адкліканьня дзеючай ліцэнзіі ЭГУ да 1 ліпеня 2019 года.

Гэта рашэньне дазволіць унівэрсытэту працягваць працу ў штатным рэжыме і таксама падаць заяву на атрыманьне новай ліцэнзіі.

«Наш унівэрсытэт чакае, што новая ліцэнзія будзе выдадзена да пачатку новага навучальнага года (2018-2019-га), то бок летам. Такім чынам, навучальны працэс у ЭГУ будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з графікам, які быў зацьверджаны раней: экзамэны студэнтаў, уручэньне дыплёмаў, прыём дакумэнтаў абітурыентаў — ён будзе адбывацца ў тыя тэрміны, якія і раней былі вызначаны і ёсьць на сайце», — паведаміў Свабодзе кіраўнік аддзелу па камунікацыях і сувязях з грамадзкасьцю ЭГУ Максім Мільто.

Максім Мільто

Паводле яго, к​іроўная рада ЭГУ вітала «канструктыўныя вынікі» нарады, што дазволіць ЭГУ і далей працягваць дзейнасьць у Вільні.

Прадстаўнік ЭГУ назваў гэта рашэньне тактычным, бо «закон абавязвае адазваць ліцэнзію, але, разумеючы і спэцыфіку ЭГУ, і ўсе акалічнасьці, унівэрсытэту даецца магчымасьць падаць на новую ліцэнзію». Да 1 ліпеня 2019 года ўнівэрсытэт будзе працаваць па старой ліцэнзіі.

У сьнежні 2017 году літоўскі Цэнтар ацэнкі якасьці навучаньня нэгатыўна ацаніў дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Гэта можа стаць падставай для адкліканьня акрэдытацыі ЭГУ на адукацыйную дзейнасьць.

Дырэктарка Цэнтру Нора Скабурскене заявіла, што ЭГУ ўжо ня ў першы раз атрымлівае нэгатыўныя ацэнкі і што яму патрэбныя радыкальныя перамены.

ЭГУ ў сваю чаргу, паведаміў, што ня згодны з нэгатыўнымі вынікамі ацэнкі ўнівэрсытэта.