Спэцпрадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заклікаў Беларусь да дэмакратычных рэформаў

Кент Гэрстэт

Спэцпрадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Ўсходняй Эўропе Кент Гэрстэт шкадуе, што працэс рэфармаваньня выбарчага заканадаўства Беларусі не прасоўваецца наперад, і заклікае беларускія ўлады актывізаваць намаганьні па правядзеньні рэформаў.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ПА АБСЭ, распаўсюджаным па выніках трохдзённага візыту Гэрстэта ў Беларусь, паведамляе БелаПАН.

«Сталіца Беларусі, Менск, стала амаль сынонімам намаганьняў па рашэньні буйных міжнародных крызісаў, няхай гэта будзе крызіс ва Ўкраіне ці нагорна-карабахскі канфлікт. Улічваючы гэты міжнародны ўнёсак, я таксама заклікаю беларускія ўлады надаць прыярытэтную ўвагу дэмакратычным рэформам, якія забясьпечаць поўны ўдзел усіх беларусаў у дзейнасьці органаў улады», — цытуе прэс-служба Гэрстэта.

Гэрстэт, які выконваў ролю спэцыяльнага каардынатара місій кароткатэрміновых назіральнікаў на апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, выказаў расчараваньне з нагоды таго, што працэс рэформы выбарчага заканадаўства ў Беларусі не прасоўваецца наперад і заклікаў Цэнтральную выбарчую камісію да выкананьня рэкамэндацый, дадзеных Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ па выніках мінулых выбараў.

Спэцпрадстаўнік ПА АБСЭ адзначыў, што ў апошнія гады супрацоўніцтва Беларусі з АБСЭ значна прасунулася. Паводле Гэрстэта, Беларусь робіць значныя намаганьні па падтрыманьні міру ў Эўропе і АБСЭ праз правядзеньне розных міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку мінулагодняй парлямэнцкай сэсіі АБСЭ ў Менску, і таму АБСЭ таксама хоча зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё Беларусі: падзяліцца вопытам у сфэрах бясьпекі, эканомікі, абароны навакольнага асяродзьдзя і правоў чалавек.

Гэрстэт таксама заклікаў беларускія ўлады працягнуць працу па пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня.

Лукашэнка — АБСЭ: дыялёг сьляпога з глухім

Візыт спэцпрадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Беларусь праходзіў 22-24 студзеня. У рамках візыту Кент Гэрстэт сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, кіраўніком Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, прадстаўнікамі апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і дыпляматычнага корпусу. Спэцпрадстаўнік ПА АБСЭ таксама наведаў Беларускую гандлёва-прамысловую палату, Парк высокіх тэхналёгій і Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень».