Француская кампанія адклікае дзіцячае харчаваньне з 83 краінаў з прычыны сальманэлы

Ілюстрацыйнае фота.

Больш за 12 мільёнаў упаковак сухога малака для дзіцячага харчаваньня канфіскоўваюцца з продажу ў 83 краінах у сувязі з заражэньнем сальманэлай на прадпрыемстве францускай кампаніі Lactalis.

Кіраўнік кампаніі пацьвердзіў маштабы заражэньня ў заяве, апублікаванай у францускіх сродках інфармацыі, паведамляе BBC.

Бактэрыя сальманэлы была выяўленая на малочным заводзе кампаніі ў сьнежні мінулага году. Кампанія неадкладна пачала прыбіраць прадукцыю з продажу.

У дачыненьні да фірмы ўжо падалі некалькі судовых пазоваў бацькі дзяцей, якія, як сьцьвярджаецца, адчулі сябе дрэнна пасьля спажываньня прадуктаў кампаніі.

Група кампаній Lactalis — адна з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў малочнай прадукцыі, з аб’ёмам продажаў 17 млрд эўра ў год.

Распараджэньня аб адклiканьнi прадукцыі з продажу былі выпушчаныя кампаніяй ужо тройчы; яны тычацца шэрагу прадуктаў, якія выходзяць пад рознымі назвамі. Гаворка ідзе пра гандлёвыя маркі Picot, Milumel і Taranis.

Сальманэла выклікае вострыя страўнікава-кішачныя расстройства і абязводжваньне. Яна можа ўяўляць небясьпеку для жыцьця, асабліва ў выпадку заражэньня немаўлятак.

Сальманэла

35 выпадкаў заражэньня зафіксаваныя ў Францыі, яшчэ адзін — у Гішпаніі. У дачыненьні да яшчэ аднаго эпізоду ў Грэцыі вядзецца расьсьледаваньне.

У інтэрвію, апублікаваным у францускай газэце Journal du Dimanche, кіраўнік Lactalis Эмануэль Бесньё адкінуў абвінавачваньні ў тым, што яго кампанія спрабавала схаваць факты заражэньня сальманэлай на адным са сваіх прадпрыемстваў.

Ён абяцаў садзейнічаць афіцыйнаму расьсьледаваньню, а таксама паабяцаў, што ўсім пацярпелым будзе выплачана кампэнсацыя.

У заяве кампаніі гаворыцца, што заражэньне было выклікана рамонтнымі работамі на малочным заводзе Celia у камуне Краон на паўночным захадзе Францыі.

Бэльгійская малочная карпарацыя купіла 69% акцыяў «Ляхавічка»

Летась у лютым Бельгійская B.S.A. International S.A. набыла кантрольны пакет акцый СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Паводле інфармацыі Bloomberg, B.S.A. International S.A. зьяўляецца мацярынскай кампаніяй аднаго з найбуйнейшых вытворцаў малака — францускай Groupe Lactalis S.A., якая, у сваю чаргу, ёсьць трэцім паводле велічыні перапрацоўшчыкам малака ў сьвеце пасьля амэрыканскай Dairy Farmers of America і навазэляндскай Fonterra.

Ляхавіцкі малочны завод зьяўляецца невялікім, але прыбытковым перапрацоўчым прадпрыемствам. Кампанія ўваходзіць у дваццатку самых прыбытковых кампаніяў галіны. Прадукцыя кампаніі прадаецца пад брэндам «Ляхавічок».

Журналісты Свабоды спрабуюць высьветліць, ці ёсьць Беларусь сярод 83 краінаў, адкуль француская кампанія адклікае дзіцячае харчаваньне.