Экскурсавод ініцыяваў перадрук старых паштовак зь відамі беларускіх гарадоў

Горадня на старой паштоўцы

На краўдфандынгавай плятформе «Талака» распачаты збор сродкаў на перадрук 300 старых (да 1939 году) паштовак з выявамі беларускіх гарадоў.

Выданьне паштовак дазволіць вярнуць іх ва ўжытак і тым самым папулярызаваць гісторыю — як сярод беларусаў, так і сярод замежнікаў, паспрыяе адраджэньню памяці, гістарычных повязяў, кажа ініцыятар ідэі, гісторык, экскурсавод, стваральнік праекту «Вандроўкі ў мінулае» Павал Дзюсекаў.

Павал Дзюсекаў, архіўнае фота

«Ідэя зьявілася з таго, што я ваджу экскурсіі, і самыя якасныя ілюстрацыі, якія найлепш сьведчаць, як выглядаў горад, — гэта якраз старыя паштоўкі, — кажа Павал Дзюсекаў. — Яны фотагенічныя і прыгожыя, а яшчэ — вяртаюць гістарычную повязь. На гэты момант назьбіралася пад 300 штук, кожнай будзе выдадзена па 100 асобнікаў. Перш чым пачаць, у суполках «Вандроўкі ў мінулае» ў сацсетках я пацікавіўся ў людзей, ці ім гэта цікава, ці хочуць яны ў гэтым удзельнічаць, і знайшоў падтрымку. Так ідэя перакрочыла на „Талаку“».

Геаграфія паштовак шырокая, хоць асноўная ўвага ўсё ж аддадзена Менску. Акрамя яго, у пераліку Бабруйск, Баранавічы, Берасьце, Віцебск, Горадня, Дзьвінск, Кобрынь, Ліда, Магілёў, Наваградак, Нясьвіж, Пінск, Слонім — усяго каля 20 гарадоў. Праз «вакенца» паштоўкі надзвычай цікава зірнуць, як жылі нашы продкі ў сваіх гарадах, кажа Павал Дзюсекаў.

«Навошта гэта робіцца? Рэч у тым, што я пахадзіў па сувэнірных крамах і паглядзеў, што прапануюць выдавецтвы. Паштоўкі клясныя, проста я па-іншаму гэта ўсё бачу. Я не хацеў ніяк іх апрацоўваць, хай будзе так, як было некалі. То бок калі 100 гадоў таму нехта некага віншаваў з Калядамі, то хай надпіс і застанецца. Мы з дызайнэрам зрабілі ў мінімалісцка-мадэрнісцкім стылі адваротны бок, каб людзі маглі дасылаць праз пошту. Такім чынам праз падарункі сябрам, праз посткросінг яны разыдуцца ня толькі па Беларусі, але і па сьвеце», — кажа Павал Дзюсекаў.

Паводле ягоных слоў, перавыданьне паштовак — некамэрцыйны праект, прадавацца яны ня будуць. Замовіць іх можна ў межах краўдфандынгавай кампаніі, таксама яны будуць раздавацца турыстам падчас «Вандровак у мінулае».

«Тыя людзі, якія замовяць паштоўкі на „Талацэ“ сваімі ахвяраваньнямі, атрымаюць іх як падарунак. А ўсё астатняе будзе разыходзіцца праз мае экскурсіі. Калі я зьбіраю людзей на бясплатныя вандроўкі, каб інтэлектуальна „разьмяцца“, прапаную адгадваць загадкі. І гэта будзе ўзнагарода за правільныя адказы. Бо людзі ўсё жыцьцё жывуць у горадзе, але калі паказваеш карцінку таго самага месца, толькі 100 гадоў таму, яны ўжо не ўяўляюць, наколькі радыкальна ўсё зьмянілася. На жаль, паміж Менскам узору 2018 году і 1918-га — істотная пярэрва».

Інстаграм 100-гадовай даўніны. Як нямецкі фатограф зарабляў на беларускіх краявідах