Пра гэта 3 студзеня паведаміў міністар унутраных справаў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс.
«У гэтым годзе, у адпаведнасьці з праектам, мы павінны скончыць ўзьвядзеньне так званага плота на мяжы з Расеяй агульнай даўжынёй 93 кілямэтры, — сказаў ён у інтэрвію мясцоваму тэлеканалу LNT.
«У пачатку гэтага году павінна завяршыцца распрацоўка тэхнічнага праекту і пачацца ўладкаваньне мяжы зь Беларусьсю. На маю думку да 2020 году ўключна мы павінны скончыць ўладкаваньне ўсходняй мяжы — як з Расеяй, так і зь Беларусьсю», — дадаў Казлоўскіс.
Каб абмежаваць паток нелегальных мігрантаў, Латвія ў 2015 годзе прыняла рашэньне паставіць на асобных участках мяжы з Расеяй агароджу агульнай даўжынёй парадку 90 кілямэтраў. Вышыня такога плота з улікам калючага дроту складзе 2,7 м, на ім будуць устаноўленыя камэры відэаназіранэня.
З гэтай самай мэтай Латвія таксама заявіла аб намеры пабудаваць агароджу даўжынёй 120 кілямэтры і на мяжы з Беларусьсю.
Раней пабудову плота на мяжы з Расеяй і Беларусьсю пачала Літва.