ЗША абвінавачваюць БМЗ у дэмпінгу. Беларусы: гэта палітыка пратэкцыянізму Трампа

Беларускі мэталюргічны завод

Міністэрства прамысловасьці і гандлю ЗША заявіла, што вытворцы сталёвай катанкі (дрот дыямэтрам 5-10 мм) з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Беларусі і Расеі наўмысна заніжаюць кошт сваёй прадукцыі ў ЗША, каб выціснуць з рынку іншых канкурэнтаў. Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) сьцьвярджае, што гэта вынік абвешчанай новай адміністрацыяй ЗША палітыкі пратэкцыянізму для ўнутраных вытворцаў.

Амэрыканцы: прадавалі прадукцыю на 84% таньней за рэальны кошт

У апублікаванай на сайце ведамства заяве гаворыцца, што закон ЗША аб антыдэмпінгавым мыце гарантуе амэрыканскім прадпрымальнікам і працаўнікам празрыстасьць міжнародных схемаў супрацы, якія часьцяком прыводзяць да дэмпінгу імпартных паставак.

У ліку расейскіх прадпрыемстваў цэны на сталёвую катанку зьмянялі Абінскі электрамэталюргічны завод і Наваліпецкі мэталюргічны камбінат. Таксама гэта тычыцца прадпрыемства з ААЭ Emirates Steel Industries і Беларускага мэталюргічнага заводу. Усе яны прадавалі сваю прадукцыю ў ЗША ў сярэднім на 84% таньней за рэальны кошт.

У сувязі з гэтым амэрыканскае ведамства ініцыявала пачатак збору мыта з названых прадпрыемстваў. Так, стаўка на мытні для прадукцыі арабскіх вытворцаў складзе 84%, для БМЗ — 280%, для расейскіх — ад 436% да 756%.

«ЗША адданыя свабоднаму, справядліваму і ўзаемавыгаднаму гандлю з гэтымі краінамі, — падкрэсьлівае Міністэрства прамысловасьці і гандлю ЗША. — У дадзеным выпадку рашэньне было прынята строга на падставе поўнай і справядлівай ацэнкі фактаў».

Паводле дадзеных Міністэрства прамысловасьці і гандлю ЗША, беларускі мэталюргічны экспарт у гэту краіну ў 2016 годзе склаў 10,4 мільёны даляраў (2,89 мільёны — ў 2015-м)

На БМЗ

Беларусы: пастаўляем меней за вызначаную квоту

У дырэктараце жлобінскага Беларускага мэталюргічнага заводу на просьбу Радыё Свабода ўдакладнілі, што згаданае антыдэмпінгавае расьсьледаваньне тычыцца нашмат шырэйшага кола вытворцаў. Агулам пад санкцыі падпалі 10 краін. Апроч ААЭ, Беларусі і Расеі, гэта таксама Вялікая Брытанія, Гішпанія, Італія, Карэя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Турэччына, Украіна — фактычна ўсе імпартэры, незалежна ад аб’ёмаў паставак, сказаў прадстаўнік прадпрыемства Аляксандар Алесік.

«БМЗ пры арганізацыі паставак катанкі абмяжоўваўся аб’ёмамі да 3% ад агульнага аб’ёму імпарту гэтай прадукцыі ў ЗША. Гэты парог лічыцца ніжэйшым за адчувальны ўзровень для паўночнаамэрыканскіх вытворцаў. Так, летась нашы пастаўкі за акіян склалі ўсяго 30 тысяч тон (2,3% ад агульнага імпарту гэтай прадукцыі ў ЗША) пры ліміце ў 3% (39,8 тысячы тон). У сувязі з гэтым абвінавачаньне ў дэмпінгу, хутчэй за ўсё, трэба разглядаць у разрэзе абвешчанай новай адміністрацыяй ЗША палітыкі пратэкцыянізму для ўнутраных вытворцаў і жорсткай нацэленасьці на прынцып «купляй амэрыканскае», — адзначыў прадстаўнік БМЗ.

Аляксандар Алесік дадаў, што апошняя адгрузка згаданай прадукцыі адбылася ў красавіку. Агульны аб’ём экспарту беларускай сталёвай катанкі ў ЗША склаў у 2017 годзе 13 тысяч тон.

Па словах спадара Алесіка, усе аб’ёмы, якія вызваляцца ў выніку пераразьмеркаваньня на рынку ЗША, Беларускі мэталюргічны завод экспартаваў у новыя рэгіёны Афрыкі. Дзякуючы гэтаму, кажа суразмоўца, геаграфія паставак жлобінскага прадпрыемства пашырылася да 117 краін.

БМЗ ужо ня першы раз фігуруе ў антыдэмпінгавых расьследаваньнях ЗША. Сёлета Эўразьвяз увёў 5-гадовую мыту на беларускую арматуру. Беларускі мэталюргічны завод заявіў, што гэтае рашэньне змусіць кампанію «прыняць адпаведныя захады што да карэкціроўкі рынкаў збыту».