«Бараўлянскі супраціў»: старшыня Менаблвыканкаму пайшоў на саступкі

Апанэнты бараўлянскага супраціву

Ініцыятыўная група жыхароў Бараўлянаў, якія пратэстуюць супраць неабгрунтаванай высечкі векавога лесу і забудовы вызваленай тэрыторыі адміністрацыйнымі аб’ектамі, дамаглася аўдыенцыі ў старшыні Менскага аблвыканкаму Анатоля Ісачэнкі.

На пачатку кастрычніка абаронцаў прыроды нечакана падтрымаў ​ Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе, прысьвечанай праекту новага Жыльлёвага кодэксу, ён абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненьнем забудовы на месцах лесапасадак і лясных масіваў, назваўшы гэта «форменным разбоем».

Стадыён — у вёску, мадэрнізацыю — спыніць

У сустрэчы з кіраўніком абласной вэртыкалі бралі ўдзел намесьнік старшыні выканкаму Сяргей Неўмяржыцкі, начальніца аддзелу па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Аксана Таранда, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянціна Курсевіч, галоўны архітэктар Менскай вобласьці Вадзім Нікалаенка. Ад ініцыятыўнай групы — Іван Вайтовіч, Дзьмітры Клімко, Аляксандар Рос-Анашанкаў.

Прадстаўнікі грамадзкасьці выклалі свае патрабаваньні — і, як кажа Іван Вайтовіч, шмат якія зь іх былі пачутыя. У прыватнасьці, Анатоль Ісачэнка паабяцаў прыняць наступныя рашэньні:

  • Адмяніць высяканьне лесу ў раёне Цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі.
  • Стадыён, які плянаваўся ў лесе, перамясьціць у Ляскоўку, дзе аматары і раней гулялі ў футбол.
  • Адмяніць знос і мадэрнізацыю сядзібнай забудовы па вуліцы Першамайскай у Бараўлянах.
  • Не разьмяшчаць камэрцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы ў Бараўлянах.
  • Адмяніць на ўзроўні Камітэту архітэктуры і будаўніцтва рашэньні па мадэрнізацыі сядзібнай забудовы ў пасёлку Досьледным.

Бараўляны супраць высечкі лесу

Анатоль Ісачэнка нібыта пагадзіўся з аргумэнтамі, што насьпела неабходнасьць збудаваць другі корпус для перагружанай 1-й Бараўлянскай школы і разгледзець альтэрнатыўныя пляцоўкі для дзіцячых садкоў у крокавай даступнасьці для жыхароў раёну «Зялёны Бор»; паабяцаў, што вырашыць праблему небясьпечных вуліц, якія ператварыліся ў «магістральныя дарогі»; забясьпечыць магчымасьць азнаёміцца з тэхнічным заданьнем па праектаваньні Генэральнага пляну Бараўлянаў.

Лес — пакінуць, поле — задзейнічаць

Пры гэтым зь некаторымі пунктамі сябры ініцыятыўнай групы пагадзіцца ня могуць. У прыватнасьці, настойваюць, што высякаць амаль 5 гектараў лесу для адміністрацыйных патрэбаў непрымальна, а ў якасьці запаснога варыянту прапануюць задзейнічаць вольнае поле. Тут цалкам могуць разьмясьціцца дзіцячы сад, школа, паліклініка, цэнтар дзіцячай творчасьці, фізкультурна-аздараўляльны комплекс, музычная школа.

Улады сьцьвярджаюць, што можна пабудаваць школу і сад так, што лес захаваецца. Аднак у прапанове "Менскпраекту" прапісана, што ад яго застанецца ня больш за 10%.

Яшчэ адна праблема — запраектаваная вуліца, якая злучыць магістраль М2 (Менск — Нацыянальны аэрапорт) з М3 (Менск — Віцебск). Такая вуліца стане транзытнай, праляжа празь сядзібную забудову і адрэжа пасёлак Досьледны ад лесу. Пакуль жыхарам абяцаюць паставіць дарогу ў рэзэрв з катэгорыяй "малой загружанасьці". Аднак прыклад вуліцы Аграрнай, якую таксама абяцалі зрабіць ціхай — а выйшла наадварот, перашкаджае даць веры такім абяцаньням.

Дрэвы пад высечку

У прапанове актывістаў Бараўляны застаюцца зялёнымі, жыльлё ўзводзіцца толькі для чаргавікоў, большая ўвага аддаецца эканамічнаму аспэкту.

Так, ёсьць ідэя разглядаць раён як пляцоўку для фармаваньня мэдычнага кластэра. У Беларусі няшмат месцаў, у якіх прыродныя і экалягічныя выгоды спалучаюцца з прысутнасьцю вядучых мэдустановаў. Маючы напрацаваны аўтарытэт на міжнародным узроўні, варта зрабіць Бараўляны прывабнымі для інвэстыцый і нарошчваньня экспарту высокатэхналягічных паслугаў.

Не — спальнаму раёну, так — інвэстыцыям

Ініцыятыўная група прапанавала ўключыць Бараўляны ў праграму інавацыйнага разьвіцьця краіны на 2016–2020 гады. Праўда, старшыню Менаблвыканкаму гэта не зацікавіла. Актывісты ж лічаць, што ператварэньне прыгараду ў чарговы спальны раён сталіцы не прынясе грамадзтву карысьці ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, а зручны момант будзе страчаны.

Раз-пораз каля лесу зьяўляецца спэцтэхніка

На думку чальцоў ініцыятыўнай групы, вось што трэба зрабіць дзеля будучыні Бараўлянаў:

  • Захаваць унікальную прыроду і навакольнае асяродзьдзе.
  • Зрабіць раён больш зручным для жыцьця, забясьпечыўшы насельніцтва неабходнай інфраструктурай.
  • Вырашаць жыльлёвую праблему для тых, хто мае ў гэтым патрэбу.
  • Стварыць арэол прывабнасьці ня толькі для беларусаў, якія атрымліваюць тут мэдычную дапамогу, але і для гасьцей краіны.

Ініцыятыўная група грамадзянаў выказвае інтарэсы больш як 7 тысяч жыхароў Бараўлянскага сельскага савету. Перадусім гэта насельнікі Бараўлянаў, Ляснога, Ляскоўкі і Досьледнага.

Мэты ініцыятыўнай групы сфармаваныя па выніках вывучэньня карэкціроўкі Генэральнага пляну Бараўлянаў. Больш за 7 тысяч чалавек падпісаліся за будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў у крокавай даступнасьці на пустках бяз высечкі лесу, супраць пракладкі транзытных вуліц і дарог па сядзібнай забудове, далейшага ўшчыльненьня шматпавярховай забудовы.

Каб прыцягнуць грамадзкую ўвагу да ратаваньня бараўлянскага лесу, актывісты падалі заяўкі адразу на тры масавыя акцыі, аднак па ўсіх былі атрыманыя адмовы.