Трамп распарадзіўся ўзмацніць праверкі іншаземцаў пасьля тэракту ў Нью-Ёрку

Падазраваны ва ўчыненьні тэракту ў Нью-Ёрку Сайфуло Саіпаў

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля тэракту ў Нью-Ёрку даручыў Міністэрству ўнутранай бясьпекі ўзмацніць «і без таго экстрэмальныя» праверкі іншаземцаў, якія ўяжджаюць у краіну.

«Палітычная карэктнасьць — гэта добра, але не для такога выпадку!» — напісаў Трамп ў Twitter празь некалькі гадзін пасьля таго, як грузавік наехаў на групу людзей на роварнай дарожцы ў Ніжнім Мангэтане, у выніку чаго загінулі 8 чалавек і больш за 10 былі параненыя.

За рулём грузавіка знаходзіўся 29-гадовы Сайфуло Саіпаў. Ён затрыманы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён прыбыў у ЗША некалькі гадоў таму з Узбекістану і жыў у Флорыдзе і ў горадзе Патэрсан у штаце Нью-Джэрсі, дзе ўзяў у пракат грузавік, з дапамогай якога ажыцьцявіў тэракт.