«Мой месячны заробак — 80 рублёў. Могуць плаціць прадуктамі». Рэпартаж з Шаркаўшчыны, цэнтру самага беднага раёну Беларусі

З 1999 году горад страціў 17 адсоткаў ад колькасьці насельніцтва. Неўзабаве тут будзе жыць менш за 6 тысяч чалавек. Сярэдні заробак у раёне, паводле Белстату, вырас за год на 12 адсоткаў, але ледзьве перавысіў 500 рублёў — і ён самы нізкі ў краіне.

Мы прыехалі ў Шаркаўшчыну з боку Менску. Зьлева ад трасы Р3 на ўезьдзе ў горад знаходзіцца КУВСП імя Маркава — вялікая тэрыторыя зь сельскагаспадарчай тэхнікай, зернесушылкамі, кароўнікамі. Разгаварыліся з вартаўніком Віктарам. Ён з Дрыбіну, а тут жыве 25 гадоў. На невядомых гасьцей падазрона глядзіць Бакс. Гэтага сабаку наш суразмоўца набыў за 180 даляраў, каб дапамагаў ахоўваць. Невялікі крок у бок — і ён гучна брэша.

— Як развалілі Саюз — пачаліся праблемы з саляркай. Прадаём малако Глыбоцкаму камбінату па 40 капеек. Калі раней за літар прададзенага малака куплялі тры літры саляркі, то цяпер на літар саляркі трэба прадаць чатыры літры малака. Тэхніка стаіць бяз паліва. Яна старая, даўно не абнаўлялі. Нават у пачатку 1990-х было лепш, — кажа Віктар.

Ён дадае, што раней тут можна было атрымліваць па 1000 рублёў. Цяпер заробкі па 200-300, а асабіста ў яго — 80. Кажа, што альтэрнатывы няма: раней быў трактарыстам, але сарваў сьпіну і мусіць працаваць на варце.

Справа ад уезду на тэрыторыю знаходзіцца 2-павярховы будынак дыспэтчарскай. Але ён амаль апусьцеў: толькі адзін пакой начальніка ўчастку заняты. Праз дарогу, таксама ў 2-павярховым будынку, раней працавалі бухгальтары, эканамісты, але яны «зьехалі ў будку». Прыкладна чатыры гады ў ім месьціцца гандлёвы цэнтар.

— З прадпрыемстваў у горадзе амаль нічога не засталося — усё развалілі. У процілеглым канцы быў цагляны завод — цяпер там камэрсанты працуюць. Малочны камбінат быў — сёньня замест яго руіны. Працы мала, а калі што знаходзіш, то не чакай добрай аплаты. У лік заробку замест грошай могуць плаціць прадуктамі, — дадае Віктар.

Былы малочны камбінат знаходзіцца мэтраў за 300, на вул. 17 верасьня. У гэтай частцы гораду толькі прыватная забудова. На адным з участкаў сустракаем Алену Мікалаеўну. Спадарыня прыехала з Докшыц, выйшла замуж і жыве тут большую частку жыцьця. Цяпер на пэнсіі, атрымлівае 320 рублёў, а каля 30 гадоў адпрацавала ў дзяржстраху. Ад яго й атрымала свой дом.

— Я жыву паміж былым малочным камбінатам і былой канторай ЖКГ, там яшчэ камэрсант прадаваў танны хлеб з Расеі. Цяпер усё пазакрывалі. Моладзі няма дзе працаваць. Суседка насупраць доўга не магла знайсьці працу — была вымушана разьбіраць хлеў на дровы. Мясцовыя зьяжджаюць на працу ў Менск і Расею, — распавядае суразмоўца.

Яна паказвае нам дом, дзе жыве былая работніца малочнага камбінату. Вольга Якаўлеўна прыехала са Слуцку. Адпрацавала тут 35 гадоў. Цяпер на пэнсіі, атрымлівае «4 мільёны 400 — не разумею, як на новыя грошы перакласьці».

— На камбінаце рабілі ўсё: малако, кефір, масла, сьмятану, сыры, тварог, марозіва. Ня праца была, а пекла. Ішачылі як таты Карлы, душыліся, што ўсе калекамі сталі: ногі перасталі служыць. Але пазьней аўтаматыка зьявілася і стала лягчэй. У 1990-х вытворчасьць закрылі, камбінат стаў толькі зьбіраць малако на адгрузку ў Глыбокае. Летась і гэта спынілі, бо нявыгадна, — кажа Вольга.

Шаркаўшчына зрабіла на яе спачатку адмоўнае ўражаньне. Вольга кажа, што горад быў вельмі брудны — яна двое сутак плакала праз гэта й шкадавала, што зьехала з прыгожага Слуцку. Празь некаторы час яна нават сабралася вяртацца, але на камбінаце сустрэла будучага мужа ды так і засталася тут. Кажа, што зайздроснага нічога ня бачыла ў жыцьці. Як муж захварэў — «усё пайшло колам».

— Раней капейкі атрымлівалі ды жылі лепш, чым цяпер. Многа лепш жылі. Усюды бяда. Плацяць напалам: грашамі й прадуктамі. А хіба што нармальнае даюць? Сьпісанае, нясьвежае. Ніколі ня думала, што ў нас такое зробіцца. Раней усе працавалі, мелі заробкі ды задаволеныя былі. Цяпер працы няма. Маладыя на біржах сядзяць. Прадпрыемствы пазакрываліся. Затое ў былой школе — насупраць майго дома — КДБ сядзіць, кабінэтаў сем займае.

На разьвітаньне Вольга паказвае нам дзяржаўнае прадпрыемства, якое знаходзіцца паміж яе домам і былым малочным камбінатам. Кажа, што там робяць драўляныя вокны, дзьверы. Замоваў мала, таму рабочыя атрымліваюць па два-тры мільёны «старымі».

Вуліца 17 верасьня вядзе нас у цэнтар гораду ды заканчваецца каля сквэру з закінутым кінатэатрам.

Адсюль вуліцаю Маякоўскага трапляем цераз раку Дзісну на галоўны пляц. Цэнтральны будынак — 4-павярховы райвыканкам. Раней мясцовыя чыноўнікі працавалі ў 2-павярховым савецкім будынку на гэтым жа пляцы. Сёньня там нічога няма. Яшчэ адзін закінуты будынак тут — былы ўнівэмаг. Напэўна, ён самы прыгожы ў Шыркаўшчыне: зь ляпнінай і калёнамі.

Цэнтральная частка гораду зьдзівіла толькі адсутнасьцю помніка Леніну. Новых і адрамантаваных будынкаў мала.

— Нам пакуль не пашанцавала з «Дажынкамі» — дзеля іх гарады моцна «вылізваюць», — жартуе Аліна, якая вучыцца ў Менску на эколяга, а прыяжджае ў родны горад «разоў шэсьць на год». — Зь першага позірку Шаркаўшчына можа паказацца забітай. І сапраўды, калі ты не пачнеш свой бізнэс, то будзеш жыць бедна. Моладзь адсюль зьяжджае, бо пасьля школы няма дзе працягнуць вучобу. А не вяртаецца, атрымаўшы вышэйшую ці спэцыяльную адукацыю, таму што няма дзе працаваць. Калі дзесьці хто і працуе з моладзі, хутчэй за ўсё, гэты чалавек тут часова па прымусовым разьмеркаваньні.

Усе яе аднаклясьнікі, акрамя адной дзяўчыны, якая засталася дапамагаць бацькам, таксама зьехалі пасьля сканчэньня школы. У асноўным у Менск, двое — у Віцебск.

Шаркаўшчына некалькі гадоў мае статус рэгіёну з самымі малымі заробкамі. Цяпер сярэдняя аплата працы там складае крыху больш за 500 рублёў.