Расейскага гісторыка Пятра Рабава асудзілі ў Баранавічах на шэсьць сутак арышту

Ілюстрацыйнае фота. Гарадзенскі цэнтар гарадзкога жыцьця, дзе была сарваная лекцыя Пятра Рабава.

Пятра Рабава суд у Баранавічах прызнаў вінаватым у адміністрацыйным правапарушэньні і накіраваў яго на шэсьць сутак арышту.

Яго затрымалі ўвечары 10 кастрычніка ў Баранавічах.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», ён правёў ноч у ІЧУ Баранавіцкага ГАУС, а сёньня быў дастаўлены ў суд Баранавіцкага раёну.

Сваёй віны Пётар Рабаў не прызнаў і ў залі суду абвясьціў галадоўку.

Таксама затрыманы адзін з актывістаў. Абодвух вінавацяць у хуліганстве. Суд над актывістам перанесьлі на 13 кастрычніка.

Таксама каля будынку суду быў затрыманы праваабаронца «Вясны» Аляксандар Вайцешык, які прыйшоў назіраць за судом над Рабавым. Яго даставілі ў пастарунак.

Як кажа праваабаронца Сяргей Гоўша, заўтра Вайцешыка будуць судзіць. Яго вінавацяць у абразе суду і непадпарадкаваньні міліцыянтам.

Пётар Рабаў меўся выступіць у Баранавічах зь лекцыяй. Папярэднюю лекцыю ў Горадні сарвалі амапаўцы, якія затрымалі самога Рабава і слухачоў.

Пётар Рабаў — расейскі анархіст, удзельнік «Аўтаномнага дзеяньня». Кандыдат філязофскіх навук, дацэнт катэдры філязофіі Маскоўскага пэдагагічнага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Леніна. На ягонай старонцы «ЎКантакце» паведамляецца, што ён плянаваў 9 кастрычніка ў Горадні дзьве лекцыі: «Лібэртарная сацыяльная думка апошняй траціны XX — пачатку XXI ст.» і «Нефармальны рух сучаснай Беларусі (1991–2010)».