Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархіста Рабава адпусьцілі з пастарунку ў Горадні, кнігі сканфіскавалі. Ён едзе зь лекцыяй у Баранавічы


Ілюстрацыйнае фота. Гарадзенскі Цэнтар гарадзкога жыцьця, дзе праходзіла лекцыя Пятра Рабава

Усе 19 чалавек, якія ўчора былі затрыманыя ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця падчас лекцыі Пятра Рабава «Лібэртарная сацыяльная думка апошняй траціны XX — пачатку XXI cтагодзьдзя» вызваленыя з пастарунку, у тым ліку і лектар. Прафэсар Рабаў паведаміў Свабодзе, што ён ужо накіраваўся ў Баранавічы, дзе сёньня ў яго прызначана чарговая лекцыя.

Пётар Рабаў, пасьля таго як выйшаў з пастарунку, сам расказаў журналістам, як адбывалася затрыманьне. Паводле яго, ён прыехаў у саюзную дзяржаву з лекцыяй па філязофіі і нават ня мог падазраваць, што публічная лекцыя можа стаць несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.

— А тут людзі ў масках, паставілі ў адзін шэраг, хто, адкуль, адбіткі пальцаў... Быў такі выпуск журнала «Ералаш» — «Нішто сабе схадзіў па хлеб». Вось гэта якраз і адбылося. Нас, праўда, ня білі; быў нейкі маральны ціск, але абыходзіліся са мной даволі карэктна. Мне здаецца, дастаткова таго, што яны сарвалі лекцыю, адабралі ў мяне кніжкі. Я зусім не ўяўляю, у чым прычына нашага затрыманьня. Мы рабілі ўсё гэта адкрыта, інфармацыя была ў інтэрнэце. На маю думку, іх напалохала слова «анархія» ў маіх лекцыях. У мяне забралі 11 кніжак. Спачатку нас абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу, маўляў, праводзілі мерапрыемства без дазволу. Думаю, што мне нічога не пагражае: ні адміністрацыйная, ні крымінальная справа. Максымум, што я страціў — гэта канфіскаваныя кнігі. Я спадзяюся, што не пацярпяць людзі, якія прыйшлі на лекцыю.

Паводле прафэсара Рабава, ён паедзе ў Баранавічы, дзе сёньня ў яго прызначана чарговая лекцыя, і мае надзею, што падобнае зь ім не паўторыцца.

Усяго ўчора ў гарадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця» падчас лекцыі Пятра Рабава было затрымана 19 чалавек разам зь лектарам. Сярод затрыманых былі студэнты, магістранты.

Усе былі дастаўленыя ў пастарунак, дзе былі складзеныя пратаколы апытаньня, у затрыманых узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. Дзьве дзяўчыны адмовіліся здаваць адбіткі, ім пагражалі, што пратрымаюць да раніцы, але выпусьцілі ўчора, на паўгадзіны пазьней за астатніх.

Пётар Рабаў — сучасны расейскі анархіст, удзельнік «Аўтаномнага дзеяньня». Кандыдат філязофскіх навук, дацэнт катэдры філязофіі Маскоўскага пэдагагічнага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Леніна. На ягонай старонцы «ВКонтакте» паведамляецца, што ён плянаваў 9 кастрычніка ў Горадні дзьве лекцыі: «Лібэртарная сацыяльная думка апошняй траціны XX — пачатку XXI ст.» і «Нефармальны рух сучаснай Беларусі (1991- 2010)».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG