Лідэры «Гавары праўду» прапанавалі міністру ЖКГ стварыць сайт пра камунальныя плацяжы

Як зрабіць, каб кожны жыхар Беларусі пры жаданьні мог атрымаць праз інтэрнэт дакладную інфармацыю, чаму менавіта такую, а ня іншую суму ён плаціць за кожную камунальную паслугу? Гэтае пытаньне стала галоўным падчас сёньняшняй сустрэчы лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева і Тацяны Караткевіч зь міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандрам Церахавым.

«Мы прапанавалі міністру зрабіць адмысловы сайт, — кажа Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў. — І каб кожны разумеў, за што і колькі ён плаціць. Чалавек уводзіць праз кампутар свой адрас і атрымлівае поўную інфармацыю, адкуль зьявіліся менавіта такія лічбы і якія на сёньня тарыфы на кожную паслугу. Цяпер мы чуем, што нібыта аплачваем толькі 60% ці 70% агульнага кошту паслугаў. Калі інтэрнэт-сыстэма пачне дзейнічаць, кожны сам убачыць, колькі грошай бяруць зь ягонай кішэні і колькі зь дзяржаўнай».

Паводле Дзьмітрыева, міністар пагадзіўся, што трэба мець лепшую, чым цяпер, сыстэму інфармаваньня насельніцтва і працы зь людзьмі.

«Зь цяперашняй сыстэмай занадта шмат пытаньняў, на якія людзі альбо ня маюць адказу, альбо ня ведаюць, дзе іх знайсьці», — сказаў лідэр «Гавары праўду».

Ажывіць кансультатыўна-грамадзкую раду

Лідэр «Гавары праўду» расказаў і пра другую тэму перамоваў — грамадзкія слуханьні.

«Цяпер якраз абмяркоўваюцца зьмены да Жыльлёвага кодэксу. І вельмі важна, каб людзі маглі даваць свае прапановы, свае праўкі. Тут мы бачым велізарныя магчымасьці для кансультатыўна-грамадзкай рады, якая існуе пры міністэрстве. Мы прапанавалі далучыць да яе шырокую грамадзянскую супольнасьць, у тым ліку і кампанію „Гавары праўду“, — кажа Андрэй Дзьмітрыеў. — З ЖКГ у нас у краіне жывуць усе — ад нараджэньня да сьмерці. І мы задаволеныя пазыцыяй міністра, што грамадзкія слуханьні павінны праходзіць. Спадар Церахаў казаў нам і пра неабходнасьць парлямэнцкіх слуханьняў. І гэта правільная ідэя».

Паводле Андрэя Дзьмітрыева, кіраўнікі «Гавары праўду» атрымалі адказ і на сваё пытаньне, чаму служба «115» працуе толькі ў Менску.

«Міністар адказаў, што мясцовыя ўлады многіх іншых гарадоў не праяўляюць зацікаўленасьці ў стварэньні адзінай апэратыўнай службы. На наш погляд, гэта дрэнна. Таму тэма ЖКГ стане абавязковай для кожнага кандыдата ад „Гавары праўду“ падчас мясцовых выбараў».