Рашэньне было прынятае на Генэральнай асамблеі Інтэрполу, якая напярэдадні адкрылася ў Пэкіне, паведамляе францускае радыё rfi.fr.
Пасьля далучэньня «дзяржавы Палестыны і Саламонавых выспаў» колькасьць удзельнікаў Інтэрполу вырасла да 192, падкрэсьліла сама Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі. Рашэньне ў пытаньні ўключэньня Палестыны ў склад Інтэрполу было прынятае, «нягледзячы на сурʼёзныя пратэсты Ізраіля», паведамляе AFP.
Як адзначае Euronews, ізраільскія ўлады асьцерагаюцца, што цяпер палестынцы змогуць выпісваць ордэра на арышт ізраільцян, а ў рукі «палестынскіх экстрэмістаў» патрапіць сакрэтная інфармацыя.
Палестынскія тэрыторыі дамагліся ўключэньня ў склад Інтэрполу з трэцяй спробы, да гэтага іх запыты адхіляліся. «Карыстаючыся гэтай радаснай нагодай», Палестына «яшчэ раз пацьвярджае свае абавязацельствы ў барацьбе са злачыннасьцю і ўмацаваньні працы ў (пабудове) прававой дзяржавы», — перадае газэта Le Monde словы Рыяда Аль-Малікі, міністра замежных спраў Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі.
Палестына, якая ўсё яшчэ дамагаецца поўнага прызнаньня ў якасьці дзяржавы і пакуль зьяўляецца толькі членам-назіральнікам ААН, раней ужо стала членам Міжнароднага крымінальнага суду і ўвайшла ў склад ЮНЭСКА