Сын Жырыноўскага папрасіў прабачэньня за выказваньне пра дзяўчынку бяз рук

Ігар Лебедзеў (справа) і Жырыноўскі з жонкай

Віцэ-сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Ігар Лебедзеў прынёс прабачэньні за сваё выказваньне пра дзяўчынку бяз рук, якой, на думку палітыка, лепш было «не зьяўляцца на сьвет».

Ён напісаў у сябе ў Твітэры, што сустрэўся з маці дзіцяці-інваліда.

11 верасьня Лебедзеў — сын лідэра ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага — пракамэнтаваў у Твітэры відэазапіс з двухгадовай прыёмнай дачкой расейскай грамадзянкі Эльміры Кнутсэн. Віцэ-сьпікер напісаў: «Навошта такім дзецям дазваляюць зьяўляцца на сьвет, бо ж гэта пакутнік, а не жыцьцё?! Сучасная мэдыцына вызначае паталёгію загадзя».

Камэнтар Лебедзева выклікаў рэзкую крытыку ў СМІ і сацыяльных сетках. Упаўнаважаная па правах дзіцяці Падмаскоўя накіравала скаргу ў камісію Дзярждумы па этыцы. Жырыноўскі заступіўся за сына, заявіўшы, што праз «паталёгіі» чалавецтва можа «абрынуцца». Сам Лебедзеў першапачаткова адмаўляўся прыносіць прабачэньні.