У Расеі працягваецца «мініраваньне» вакзалаў і публічных будынкаў

Станцыя мэтро ў Санкт-Пецярбургу, закрытая пасьля ананімнага званка аб пагрозе бомбавай атакі

У Маскве праваахоўныя органы правяраюць ананімныя паведамленьні аб мініраваньні некалькіх гандлёвых цэнтраў, а таксама Кіеўскага, Казанскага і Ленінградзкага вакзалаў, паведамляе агенцтва ТАСС.

У сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні аб эвакуацыі некалькіх маскоўскіх ВНУ, уключаючы Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных зносін. Крыніца агенцтва «Москва» сьцьвярджае, што эвакуаваны ўнівэрсытэт імя Сечанава.

Суразмоўца агенцтва «Інтэрфакс» заявіў, што з улікам «хвалі падобных званкоў у рэгіёнах» у праваахоўных органаў ёсьць «падставы меркаваць, што дадзеныя званкі зьяўляюцца ілжывымі».

З-за ананімных званкоў аб мініраваньні ў больш чым дзясятку гарадоў Расеі за апошнія тры дні былі эвакуаваны вакзалы, навучальныя ўстановы, гандлёвыя цэнтры і іншыя аб’екты. Пра выяўленьне выбуховых прылад пакуль не паведамлялася.