Публіцыст Свабоды Севярын Квяткоўскі атрымаў адказ зь міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму:
«У ходзе праверкі парушеньняў заканадаўства... з боку ваенаслужачых узброеных сіл Рэспублікі Беларусь не выяўлена».
(Захоўваем правапіс арыгіналу. — РС.)
Справа датычыць рэзананснага фатаздымку зь віцебскага трамвая. Здымак зьявіўся ў сацыяльных сетках у ліпені. На ім мужчыны ў камуфляжнай форме без апазнавальных знакаў і з прадметамі ў руках, падобнымі да аўтаматаў «калашнікава».
Сваім адказам часовы выканаўца абавязкаў начальнiка мiлiцыi грамадзкай бясьпекi УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч ускосна пацьвердзіў, што зафіксаваныя на здымку людзі — беларускія вайскоўцы.
Гэта ўжо другі адказ на зварот у Віцебскі аблвыканкам з просьбай праверыць, хто былі людзі ў камуфляжы. У першым за подпісам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму паведамлялася, што запыт скіраваны вайсковаму камісару Віцебскай вобласьці і камандзіру вайсковай часткі, разьмешчанай у Віцебску.
Асьцярога наконт вайскоўцаў без апазнавальных знакаў выкліканая беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі «Захад-2017» і апасеньнямі, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі.