Суд у Архангельску, што на паўночным захадзе Расеі, аштрафаваў на 15 тысяч расейскіх рублёў (каля 490 беларускіх) каардынатара руху ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў «Апошні адрас» Дзьмітрыя Казлова.
Яго віна палягае ў тым, што на дом, прызнаны помнікам гісторыі і архітэктуры, павесіў мэмарыяльную шыльду ў памяць чалавека, які жыў там да арышту і расстрэлу ў 1938 годзе. Дом пры гэтым лічыцца ў сьпісах на знос.
Перад судом за Казлова заступіўся Савет у пытаньнях правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі, але ад штрафу гэта не ўратавала (сума штрафу далёкая ад максымальнай у 200 тысяч расейскіх рублёў). Тым ня менш шыльду вырашылі не дэмантаваць.
Казлоў кажа, што будзе абскарджваць рашэньне і мае намер далей вешаць мэмарыяльныя шыльды на дамах, дзе жылі рэпрэсаваныя ў сталінскія часы. Але цяпер будзе імкнуцца выконваць усе адміністрацыйныя працэдуры, хоць ня ўсе зь іх дакладна апісаныя. Так, суд пастанавіў у тым ліку, што ў заяўцы Казлова на ўстаноўку шыльды не было зьвестак пра тып шрубаў, якімі яна замацаваная.
В Архангельске рядовые граждане поставили памятник СталинуПодробности: https://t.co/rymg2Dhw93#новости #Сталин #Архангельск #news pic.twitter.com/vsYI07yUoX
— Околокремля (@okolokremlya) 26 декабря 2016 г.
За ўстаноўку шыльды зьбіраліся подпісы жыхароў дома, Казлоў размаўляў зь імі асабіста, таму ня думае, што на шыльду паскардзіўся нехта з жыхароў. Ён падазрае, што суд неяк зьвязаны з «тымі сіламі», што стаяць за ўстаноўкай помніка Сталіну ў Архангельску, які быў адкрыты на паркоўцы аднаго зь бізнэс-цэнтраў у сьнежні 2016 году.
«Апошні адрас» заснаваў расейскі журналіст, стваральнік часопісу «Итоги», былы галоўны рэдактар «Вокруг света» і сузаснавальнік праекту супраць плягіяту ў навуцы «Диссернет» Сяргей Пархоменка. Праект падтрымлівае таварыства «Мэмарыял», але фінансуецца праект за кошт ахвяраваньняў простых грамадзянаў. «Апошні адрас» дзейнічае ня толькі ў Архангельску, а хіба не па ўсёй Расеі, а таксама ў Чэхіі; праект плянуецца запусьціць у Малдове. Ва Ўкраіне дзейнічае асобны праект «Остання адреса — Україна», натхнёны расейскім прыкладам.
Чытайце інтэрвію зь Дзьмітрыем Казловым на сайце расейскай службы Свабоды >>>