Адказ Барака Абамы на марш правых радыкалаў стаў самым «лайканым» твітам у гісторыі

44-ы прэзыдэнт ЗША Барак Абама, архіўнае фота

Пасьля праварадыкальных пратэстаў і шэсьця з паходнямі і нацысцкімі сьцягамі ў Шарлотсвілі 12 жніўня, у якіх пацярпелі 19 чалавек і быў забіты адзін, 44-ы прэзыдэнт ЗША Барак Абама апублікаваў у Twitter фота, на якім глядзіць на дзяцей розных колераў скуры.

«Ніхто не нараджаецца зь нянавісьцю да іншага чалавека праз колер скуры таго, ягоную гісторыю жыцьця ці рэлігію», — падпісаў Абама здымак.

Твіт перапосьцілі на момант публікацыі больш за 1,1 млн разоў, упадабалі 2,8 млн разоў. Twitter пацьвердзіў часопісу Time: гэты твіт стаў самым «залайканым» за ўсю гісторыю сэрвісу, а таксама пятым паводле рэтвітаў.

Праварадыкалаў раней асудзіў і цяперашні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. У твітэры ён напісаў: «Мы УСЕ мусім быць паяднаныя і асудзіць усё, што нясе ў сабе нянавісьць. У Амэрыцы няма месца такога роду гвалту. Давайце выступім разам як адзін!». Гэты твіт упадабалі 190 тысяч разоў, рэтвітнулі 58 тысяч разоў.