У Расеі заяўляюць аб затрыманьні ў анэксаваным Крыме чарговага «ўкраінскага дывэрсанта». Камэнтар СБУ: фэйк

Рэчы, канфіскаваныя нібыта ў затрыманага грамадзяніна Ўкраіны Генадзя Лімешкі, кадр зь відэа, распаўсюджанага ФСБ Расеі, 15 жніўня 2017

Расейскія інфармагенцтвы са спасылкай на Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі паведамляюць пра затрыманьне ў анэксаваным Крыме грамадзяніна Ўкраіны, які «спрабаваў пашкодзіць лінію электраперадачы і плянаваў іншыя дывэрсіі».

Пра гэта пішуць «РИА Новости», ТАСС і іншыя рэсурсы. На сайце самой Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі гэтая інфармацыя зьявілася пасьля паведамленьняў інфармагенцтваў.

«Упраўленьнем ФСБ Расеі па Рэспубліцы Крым і Севастопалю ў ходзе апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрыманы агент Службы бясьпекі Ўкраіны ў Херсонскай вобласьці, накіраваны ў Крым для ўчыненьня дывэрсійных актаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейскія крыніцы падаюць і прозьвішча затрыманага.

«12 жніўня Генадзь Лімешка затрыманы супрацоўнікамі органаў ФСБ пры спробе пашкодзіць лінію электраперадачы ў раёне трасы Судак — Новы Сьвет», — сьцьвярджаюць у Расеі.

Расейскія спэцслужбы заяўляюць, што ў затрыманага канфіскаваная зброя, выбухоўка і лічбавы фотаапарат.

Служба бясьпекі Украіны назвала інфармацыю пра чарговае затрыманьне грамадзяніна Украіны ў анэксаваным Крыме «фэйкавай навіною».

«Расейская ФСБ зьвярнулася да чарговай правакацыі, паведаміўшы пра затрыманьне ў Крыме нібыта „агента СБУ“», — гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскай спэцслужбы.

«На фоне пагаршэньня жыцьця крымчан, ФСБ зноў запускае „заежджаную кружэлку“, спрабуючы абвінаваціць Украіну і яе праваахоўныя органы ў сваіх уласных бедах і праблемах у Крыме», — дадаюць у СБУ.

Расея і раней неаднаразова заяўляла пра затрыманьне ў Крыме «ўкраінскіх дывэрсантаў». Украінскія спэцслужбы такія паведамленьні абвяргаюць.

Пазьней сёньня было паведамлена, што падкантрольны Крамлю Кіеўскі раённы суд Сімферопалю арыштаваў грамадзяніна Ўкраіны Генадзя Лімешку на два месяцы.