Беларускага таэквандыста Армана-Маршала Сілы дыскваліфікавалі на 4 гады за мэльдоній

Ілюстрацыйнае фота

Спартовы арбітражны суд у Лазаньі адхіліць ад спаборніцтваў на 4 гады беларускага таэквандыста Армана-Маршала Сілы. Ануляваныя ўсе вынікі спаборніцтваў Сілы з 13 ліпеня па 11 жніўня 2016 году. Сіла зноў зможа выступаць пасьля 6 красавіка 2021 году.

Раней у пробах, узятых у Сілы, знайшлі забаронены прэпарат мэльдоній. Сіла адмаўляў ужываньне допінгу, у тым ліку пасьпяхова прайшоў праверку на паліграфе («дэтэктары хлусьні»). Беларуская фэдэрацыя таэквандо правяла ўласнае расьсьледаваньне і дазволіла яму выступаць, але Ўсясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) падала апэляцыю на беларускае рашэньне — тую апэляцыю цяпер задаволіў Спартовы арбітражны суд.

Сілу 23 гады, ён нарадзіўся ў Менску ад маці-беларускі і бацькі з Гвінэі. Выступаў у ваговай катэгорыі звыш 87 кг, двойчы станавіўся чэмпіёнам Эўропы ў таэквандо. Стаў першым беларусам, які заваяваў права выступаць на Алімпійскіх гульнях, але праз расьсьледаваньне быў адхілены.

Мэльдоній таксама стаў прычынай адхіленьня ад Алімпіяды ў Рыё беларускіх весьляроў і ледзь ня стаў прычынай адхіленьня ўсёй зборнай Расеі — забаронены прэпарат знайшлі ў пробах дзесяткаў расейскіх спартоўцаў (адхілілі ў выніку лёгкаатлетаў, і тое ня ўсіх).

Праз падазрэньні ў тым, што ўжываньне допінгу ў Расеі было надзвычай шырокім і падтрымлівалася дзяржавай, антыдопінгавыя арганізацыі патрабавалі адхіліць Расею ад спаборніцтваў і пазбавіць яе права праводзіць міжнародныя турніры да таго часу, пакуль расейская антыдопінгавая сыстэма ня будзе адпавядаць правілам WADA.